Кіраўнік СК сказаў, чаму судзяць віцяблянку, у якой дзіця памерла пры родах

06/09/2017 - 12:06

Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч пракаментаваў справу віцяблянкі, якую судзяць за смерць дзіцяці пры хатніх родах. Следчыя кваліфікавалі яе дзеянні як "прычыненне смерці па неасцярожнасці".

Журналісты пацікавіліся, чаму ў Віцебску пасля смерці нованароджанага немаўляці на маці пачалі крымінальную справу, а ў Мядзеле следчыя будуць праводзіць праверку, толькі калі сваякі звернуцца з заявай.

"Гэтыя гісторыі зусім розныя. Праверка па Мядзелу яшчэ не завершана, і мы не маем права даваць канчатковую ацэнку. Што датычыць віцебскай гісторыі, то ў нас не было ніякіх сумневаў у наяўнасці прыкмет складу злачынства ў дзеяннях маці", — перадае tut.by словы Наскевіча.

Кіраўнік Следчага камітэта падкрэсліў, што віцяблянку неаднаразова папярэджвалі, што ў яе могуць узнікнуць складанасці пры родах, але яна адмовілася станавіцца на ўлік і класціся ў шпіталь. "Пасля родаў ёю не былі прынятыя правільныя меры, якія б прынялі кваліфікаваныя медык, акушэрка або доктар. Менавіта таму інцыдэнт быў кваліфікаваны як прычыненне смерці па неасцярожнасці", — заявіў Наскевіч. Ён выказаў меркаванне, што суд падтрымае меркаванне следчых.

Мядзельскую гісторыю са смерцю немаўляці праз некалькі гадзінаў пасля родаў старшыня Следчага камітэта каментаваць не стаў: "Як толькі будзе рашэнне па ёй, мы патлумачым, чаму ў адной сітуацыі падыход адзін, а ў другой — іншы. І паверце, у дзвюх сітуацыях рашэнне будзе абсалютна законным".

У Віцебску цяпер ідзе закрыты суд над жанчынай, чыё дзіця захлынулася каляплоднымі водамі і памерла пры родах. Максімальная кара, якая ёй пагражае, тры гады пазбаўлення волі. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі