Кіраўнік МАРГ расказаў, калі ўлады адменяць рэгуляванне цэн

07/05/2024 - 06:21

У краме, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Дзяржава будзе адміністрацыйна рэгуляваць кошты ў Беларусі, пакуль не знікнуць "негатыўныя знешнія фактары". Пра гэта заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.

Напярэдадні ўрад і Камітэт дзяржкантролю зацвердзілі чарговую праграму дзеянняў па стабілізацыі цэн. У гэтай сувязі Багданаў нагадаў, што дзяржрэгуляванне ўводзілася як мера ў адказ на "знешнія шокі, якія ўздзейнічалі на эканоміку нашай краіны".

"І колькі працягнецца такое рэгуляванне, складана сказаць. Пакуль негатыўныя знешнія фактары не знікнуць, да таго часу будзе дзейнічаць цэнавае рэгуляванне", — заявіў міністр у сувязі з новай дзяржпраграмай. Паводле ацэнкі кіраўніка МАРГ, "у цэлым сітуацыя з цэнамі на ўнутраным рынку стабільная". Інфляцыя знаходзіцца ў рамках устаноўленых параметраў, а "асартымент тавараў шырокі, ніякага недахопу мы не адчуваем". Новая праграма, з ягоных слоў, "дазволіць дашліфоўваць некаторыя моманты".

Нагадаем, жорсткае дзяржрэгуляванне цэн у Беларусі было ўведзена восенню 2022 года пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка забараніў павышаць цэны. Урад прыняў пастанову аб рэгуляванні коштаў  — былі ўсталяваныя гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю. Затым у пастанову некалькі разоў уносілі змены, каб канчаткова не спустошыць гандаль. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі