Кіраўнік "Беллегпрама" патлумачыў, навошта трэба школьная форма

31/08/2017 - 19:07

Старшыня канцэрна "Беллегпрам" Мікалай Яфімчык лічыць правільным увесці адзіны дзелавы стыль адзення для кожнай канкрэтнай школы, гімназіі, ліцэя. 

"Думаю, што адзіны стыль для ўстановы адукацыі — гэта правільна. І мы да гэтага прыйдзем, проста трэба крыху пачакаць. Адрозненне ў школе павінна быць па ўзроўні ведаў, а ніяк не ў вопратцы. Тым больш што адзіны дзелавы стыль не ўшчамляе інтарэсы ні бацькоў, ні дзяцей, ні выкладчыкаў", — прыводзіць БЕЛТА словы Яфімчыка.

Ён дадаў, што многія ўстановы адукацыі "натуральным чынам" прыйшлі да ідэі адзінага стылю ў вопратцы. "На досведзе нашай падшэфнай школы №101 скажу, што спачатку было неразуменне. Але тры гады таму мы апранулі малодшыя класы, потым дайшлі да 8-га класа, настаўнікаў. Цяпер мы разумеем, што хутка да самага 11-га класа дойдзем", — распавёў кіраўнік "Беллегпраму".

Яфімык распавёў, як павінна дзейнічаць школьнае начальства, калі прыме рашэнне ўвесці адзіны стыль. "Дырэктар школы павінен затэлефанаваць на прадпрыемства, мадэлі якога спадабаліся, і прапанаваць заказ на пэўную колькасць вырабаў. І дамовіцца па тэрмінах", — патлумачыў ён.

Па яго словах, пашыў формы з гатовых мадэляў тканіны зойме на прадпрыемстве 60 дзён, а праца з нуля (пража, тканіна, выраб) — 90 дзён. "Па сутнасці, усё як у моднай індустрыі: звычайна ўвесну робіцца заяўка на восень, каб працэс вытворчасці з нуля прывёў да гандлю і гандаль прадаў. Калі да пачатку лета будзе замоўлена, то да верасня мы падрыхтуем тое, што трэба", — заявіў Яфімчык.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі