Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю аб пачатку імпічменту Трампа

31/10/2019 - 17:48

31 кастрычніка Кангрэс ЗША на агульным галасаванні прыняў рэзалюцыю, якая пачынае працэдуру афіцыйнага імпічменту прэзідэнта Дональда Трампа. За адхіленне прэзідэнта ЗША ад улады выступіла большасць чальцоў Палаты прадстаўнікоў, перадае Бі-Бі-Сі.

Для прыняцця рэзалюцыі была неабходная простая большасць. За яе прагаласавалі 232 чальцы ніжняй палаты, кантраляванай дэмакратамі, супраць — 196. Чатыры дэпутаты на галасаванні адсутнічалі.

Трамп назваў прыняццё рэзалюцыі "найвялікшым паляваннем на ведзьмаў ў гісторыі ЗША".

Яшчэ ў верасні прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі абвясцілі, што плануюць пачаць працэдуру імпічменту Трампа. Гэта адбылося пасля таго, як сталі вядомымі падрабязнасці яго тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Уладзімірам Зяленскім.

Ананімны прадстаўнік спецслужбаў пасля гэтага падаў скаргу, быццам Трамп патрабаваў ад украінскага прэзідэнта пачаць расследаванне супраць былога віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Яго, дарэчы, лічаць найбольш верагодным прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду ад Дэмакратычнай партыі на выбарах 2020 года.

Да прыняцця сённяшняй рэзалюцыі запытваць дакументы і выклікаць сведак у рамках працэдуры імпічменту мог толькі кіраўнік камітэта па справах разведкі Палаты прадстаўнікоў дэмакрат Адам Шыф і юрыдычны камітэт Кангрэсу.

Цяпер Камітэт па справах разведкі Кангрэса атрымае права апублікаваць расшыфроўкі слуханняў, якія вяліся за зачыненымі дзвярыма і да прыняцця рэзалюцыі лічыліся сакрэтнымі. Адначасова камітэт зможа праводзіць публічныя, адкрытыя для грамадскасці слуханні па пытаннях, якія дагэтуль маглі быць засакрэчаныя з меркаванняў нацыянальнай бяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі