Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў спіс пытанняў да Беларусі

23/09/2015 - 05:51

Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў пералік пытанняў да Беларусі наконт выканання грамадзянскіх і палітычных правоў, перадае БелаПАН.

Праваабаронца Раман Кісляк кажа, што фармаванне такога спісу з'яўляецца першым этапам для разгляду камітэтам таго, як Беларусь выконвае Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У спісе камітэта ААН — 33 пункты з канкрэтнымі пытаннямі. У прыватнасці, камітэт просіць паведаміць пра ход і вынікі расследавання гвалтоўных знікненняў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага, а таксама забойстваў журналістаў — Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава, Алега Бябеніна. Ставіцца пытанне і пра смерць ў СІЗА №1 Ігара Пцічкіна.

Камітэт таксама цікавіцца, якія меры Беларусь прыняла для выканання сёмага артыкула пакта, які забараняе катаванні і жорсткае абыходжанне. У прыватнасці, чаму беларускае заканадаўства прадугледжвае, што сям'і асуджанага да смерці не паведамляецца загадзя пра дату пакарання, а цела пакаранага не перадаецца сям'і і не раскрываецца месца яго пахавання.

Камітэт хоча высветліць, як прадастаўляецца справядлівы судовы разбор асобам, абвінавачаным у злачынствах, за якія можа быць прызначана смяротнае пакаранне. А таксама — ці ёсць гарантыя касацыйнага абскарджвання смяротных прысудаў, у тым ліку вынесеных Вярхоўным судом.

Уздымаецца пытанне і наконт расследавання заяваў пра катаванні і жорсткае абыходжанне, у тым ліку заяваў кандыдатаў у прэзідэнты: Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе, Андрэя Саннікава і Алеся Міхалевіча ў 2011 годзе.

Па словах Кісляка, апошні даклад Беларусі пра выкананне Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах быў разгледжаны ў камітэце ў кастрычніку 1997 года. Потым наша краіна павінна была падаць адпаведны даклад да 7 лістапада 2001 года. Такім чынам, падача дакладу пратэрмінаваная на 13 гадоў.

Праваабаронца кажа, што напрыканцы 2011 года Беларусь падала ў камітэт ААН агульную інфармацыю аб правах чалавека. А ў лютым 2014 года наша краіна пагадзілася на спрошчаную працэдуру падачы дакладаў на падставе пытанняў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі