Іракскія курды прагаласавалі за незалежнасць

27/09/2017 - 19:38

Пераважная большасць насельніцтва іракскага Курдыстана прагаласавала за незалежнасць на рэферэндуме, які адбыўся ў панядзелак, 25 верасня.

Паводле інфармацыі выбарчай камісіі Курдыстана, якую перадае Бі-Бі-Сі, за незалежнасць гэтай аўтаноміі аддалі свае галасы 92,73% удзельнікаў рэферэндуму, супраць — 7,27%.

У рэферэндуме ўзлі ўдзел каля 3,3 мільёна чалавек (каля 72% выбарцаў).

Лідэр іракскіх курдаў Масуд Барзані падкрэсліў, што вынікі галасавання не азначаюць неадкладнага абвяшчэння незалежнасці, але мусяць адчыніць дзверы для перамоваў.

Афіцыйны Багдад і суседнія з Іракам краіны жорстка крытыкавалі рэферэндум. Прэм'ер-міністр Ірака Хайдэр Абадзі напярэдадні рэферэндуму заяўляў, што галасаванне мусіць быць адмененае. 

Іракскі парламент заклікаў урад краіны накіраваць войскі ў Курдыстан, каб узяць пад свой кантроль самыя важныя  нафтавыя радовішча на курдскай тэрыторыі.

Ёсць асцярогі, што рэферэндум у Курдыстане можа стаць прычынай новага рэгіянальнага канфлікту.

Раней ЗША, Вялікабрытанія і міжнародная кааліцыя, якая змагаецца з групоўкай "Ісламская дзяржава", прасілі адкласці рэферэндум на два гады.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі