Іх норавы: размовы пра вайну, рай для антываксераў і пашпарт са смурфамі

28/01/2022 - 13:12
Галоўныя сусветныя навіны гэтага тыдня / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

На гэтым тыдні не было нічога цікавейшага за навіны з Усходняй Еўропы. Ды вы і самі гэта ведаеце. Раскажам галоўныя навіны — без размоў пра вайну не абыдзецца.

А потым пакажам кароткае відэа, якое павінна — мары, мары — усіх завярнуць на сцежку дээскалацыі.

 

"Страх забівае розум"

МЗС Расіі кажа, што нават думку пра вайну з Украінай лічыць непрымальнай. А амерыканскі лідар Джо Байдэн у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім кажа адваротнае: маўляў, існуе "яўная імавернасць" таго, што Расія ўварвецца ў наступным месяцы.

Навіны пра магчымы канфлікт на гэтым тыдні паступалі самыя супярэчлівыя, і гэта галоўнае, што трэба ведаць пра сітуацыю. З аднаго боку, ЗША вырашылі вывезці сем'і дыпламатаў з Кіева, а Вялікабрытанія адклікала палову супрацоўнікаў свайго дыпкорпуса. З іншага — ЕС заявіў, што драматызаваць сітуацыю не варта, і пакінуў сваіх дыпламатаў у Кіеве.

Ніхто не ведае рэальных планаў / pixabay

Куды цікавейшы той факт, што і сам Кіеў не схільны драматызаваць. CNN цытуе неназванага ўкраінскага чыноўніка, які запэўнівае, што Зяленскі ў тэлефоннай размове з Байдэнам настойваў: пагроза нападу ёсць, але яна неадназначная. Гэта значыць, "непазбежнасць", артыкуляваная Байдэнам, перабольшаная. У амерыканскім Савеце нацыянальнай бяспекі, а пасля і ў МЗС Украіны рознагалоссі двух прэзідэнтаў зняпраўдзілі.

Сакратар украінскай РНБА Аляксей Данілаў, зрэшты, таксама заяўляў на гэтым тыдні, што падстаў для панікі няма. А вось любая дэстабілізацыя абстаноўкі ва Украіне — у тым ліку і панічныя паведамленні СМІ пра будучую вайну, і ад'езд дыпламатаў — падрывае эканоміку краіны.

"І навошта гэта робяць агульным акцэнтам астатнія партнёры — у нас тут ёсць пэўныя пытанні на гэты конт",сказаў Данілаў.

 

Ультыматум Расіі

У сераду ўсе ўважліва сачылі, як амбасадар ЗША ў Расіі Джон Саліван заходзіць у будынак МЗС РФ і выходзіць з будынка МЗС РФ. Амбасадар прыязджаў, каб перадаць Маскве адказ Штатаў на расійскі праект дамовы па нацыянальнай бяспецы. Ён жа — "ультыматум".

Свае прапановы РФ апублікавала ў снежні, услед за гэтай публікацыяй адбыліся раўнды перамоваў з ЗША і НАТА. Галоўнае патрабаванне Масквы — непашырэнне НАТА на усход. Расія апелюе да нібыта наяўнай вуснай дамоўленасці, якая была дасягнута ў часе перамоў па аб'яднанні Германіі ў 1990 годзе.

Увогуле, на гэтым тыдні і ЗША, і НАТА свае адказы перадалі. Толькі іх дакладнага зместу мы дагэтуль не ведаем: адказчыкі папрасілі іх не публікаваць.

Калі коратка — адмаўляцца ад пашырэння НАТА на ўсход не будуць. У астатнім, па словах Масквы, у адказах ёсць "рацыянальнае зерне". Цяпер, лічаць у Вашынгтоне, мяч на баку Расіі.

Кіраўнік расійскага МЗС кажа, што адказ ЗША па гарантыях бяспекі дазваляе разлічваць на сур'ёзную размову, але па другасных пытаннях. Якое пытанне галоўнае, вы ўжо зразумелі.

Кароткае відэа замест размоў пра вайну

Заканчваем размовы пра вайну гэтым відэа. Ізраільскі палітык у дзень памяці ахвяр халакосту прачытаў малітву за загінулых. Ён скончыў яе са слязамі на вачах.

"Зялёны рай" для антываксераў

Не дамо вам забыцца пра каранавірус. Антыпрышчэпачнікі з Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі пераехалі ў Парагвай і стварылі там закрытае паселішча "Зялёны рай", расказвае "Эскваер".

Гэты рай існаваў яшчэ да пандэміі каранавіруса: тады туды з'язджалі праціўнікі вышак 5G. Яшчэ сярод іх былі прыхільнікі тэорыі змовы, якія верылі, што з самалётаў на людзей скідаюць шкодныя хімікаты. Адным словам, прышчэпкі алею ў агонь, вядома, падлілі.

Цяпер у "Зялёным раі" жыве 150 чалавек. Яны называюць гэта месца ў Парагваі сховішчам для тых, каго не задавальняе палітычная і эканамічная сітуацыя ў свеце.

Вакол, вядома, бушуе пандэмія — эпідэміялагічная сітуацыя ў Парагваі ну вельмі няпростая. Але многія жыхары рэгіёна пасяленцаў з "Зялёнага раю" падтрымліваюць — не таму, што самі антыпрышчэпачнікі, а таму, што дзякуючы заможным еўрапейскім мігрантам могуць атрымаць працу.

 

Пашпарт са смурфамі

Пасля тыдня, поўнага паведамленняў пра будучую вайну, мы заслужылі добрыя навіны. У Бельгіі пачнуць выдаваць пашпарты з выявамі герояў бельгійскіх коміксаў на старонках. У МЗС, вядома, расказваюць яшчэ і пра кучу слаёў абароны новага пашпарта, але каго гэта цікавіць, калі са старонкі "Іншыя адзнакі" на цябе глядзіць смурф? Гэта нават круцей, чым дазвол усміхацца для фота на візу.

А якія ілюстрацыі вы хацелі б бачыць на старонках беларускага пашпарта?

Вось як выглядае новы бельгійскі пашпарт

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі