Ігар Шуневіч прызнаў, што міліцыянты "не заўжды кампетэнтныя"

13/07/2017 - 15:15

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч прызнаў, што міліцыянты не заўжды добра выконваюць свае абавязкі.

"Сапраўды, мы не заўсёды кампетэнтныя на ўзроўні першай інстанцыі, і на гэта ёсць шмат прычын, у тым ліку нейкая прафесійная негатовасць да рашэння вельмі складаных, часцяком застарэлых пытанняў", — адзначыў міністр пасля таго, як правёў у Мінску асабісты прыём грамадзянаў.

Ён дадаў, што асноўнай формай атрымання інфармацыі для праваахоўнікаў "заўсёды былі асабістыя прыёмы, кантакты з людзьмі""Любая дапамога грамадзян вітаецца. Без прыцягнення грамадскасці (у прыватнасці, добраахвотных народных дружын) складана забяспечыць на належным узроўні правапарадак", — лічыць Ігар Шуневіч.

Сустракаюцца і выпадкі фармалізму ў працы. Ігар Шуневіч распавёў пра зварот адной з заяўніц, якую аштрафавалі за паркоўку на месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а яе на машыне проста дажджом змыла спецыяльную налепку. "Супрацоўнікі праваахоўных органаў з пункту гледжання закона паступілі правільна, але фармальна. З такімі фактамі трэба змагацца", — лічыць міністр.

Нагадаем, за апошні год ведамства Ігара Шуневіча рэгулярна апынаецца ў цэнтры скандалаў. Супрацоўнікі ДАІ трапляліся п'янымі за рулём. У навагоднюю ноч міліцыянт з табельнай зброі параніў мінчука, суседзі якога скардзіліся на шум. А ў Крычаве міліцыянты паскардзіліся на свайго начальніка, пасля чаго іх звольнілі са службы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі