Суддзя Алена Жывіца набыла сумную вядомасць толькі сёлета. Да 2020-га пра яе дзейнасць амаль нічога не вядома, акрамя таго, што ў 2018-м яна прайшла ў БДУ спецыяльную падрыхтоўку на пасаду суддзі, а у 2019-м была прызначана працаваць у суд Кастрычніцкага раёна.
Але ўжо на пачатку гэтага студзеня Жывіца была адной з тых, хто судзіў удзельнікаў акцый за незалежнасць. Тады яна пакарала вялізарнымі штрафамі палітыка Мікалая Казлова.
У чэрвені Жывіца судзіла ўдзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў: блогер Эдуард Пальчыс тады атрымаў 15 сутак арышту, а 83-гадовы паэт Ян Грыб — штраф у памеры 1080 рублёў.
А вось у канцы жніўня Жывіца атрымала досвед суда над журналістамі: яна вяла справы аб "правапарушэннях" фатографа Аляксандра Васюковіча ды карэспандэнткі Белсата Кацярыны Андрэевай. Тады справы былі адпраўленыя на дапрацоўку.
Нягледзячы на розныя абставіны затрымання і нават тое, што журналісты былі затрыманыя ў розныя дні, суддзя Жывіца прысудзіла ўсім пяцярым амаль аднолькавыя тэрміны. Затрыманай у суботу, 17 кастрычніка журналістцы Onliner.by Дар'і Спевак — 13 сутак, затрыманым у той жа дзень Вадзіму Заміроўскаму (БелаПАН і TUT.by) і Усеваладу Зарубіну (БелаПАН і TUT.by) — па 15 сутак. Затрыманым на наступны дзень, 18 кастрычніка, Арцёму Маёраву ("Белорусы и рынок"), і Алесю Любенчуку — па 15 сутак.
На разгляд справы Арцёма Маёрава ў суддзі пайшло блізу паўгадзіны. Перад абвяшчэннем свайго рашэння яна нават не выходзіла ў дарадчы пакой.
У матэрыялах справы Арцёма былі відавочныя супярэчнасці. На хлопца склалі два пратаколы: аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (на журналіста!) і аб непадпарадкаванні законнаму патрабаванню супрацоўніка органаў унутраных справаў. Згодна з другім пратаколам, у 14:30 18 кастрычніка журналіст не падпарадкаваўся патрабаванню міліцыянта сыйсці з месца, дзе парушаўся грамадскі парадак. Але згодна з першым пратаколам, а 14-й ён ужо быў затрыманы падчас масавага мерапрыемства!
Адвакат журналіста звярнуў увагу суддзі на гэтыя і іншыя абставіны і хадайніцтваў аб накіраванні справы на дапрацоўку. Але суддзя адхіліла хадайніцтва і пакарала журналіста суткамі арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.