Хакеісты мінскага “Дынама” пацярпелі паразу ад “Магніткі”

04/12/2016 - 16:53

Хакеісты мінскага “Дынама” пацярпелі паразу ад магнітагорскага “Металурга” ў матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. 4 снежня яны гулялі на сваёй пляцоўцы ў “Мінск-Арэне” і нягледзячы на ўсе намаганні саступілі з лікам 2:4. Прычым у апошняй траціне гульні лік доўгі час быў 2:3, а мінчане стараліся зраўняць яго. Аднак ім не ўдалося вывесці гульню ў авертайм.

Шайбамі ў гаспадароў адзначыліся Роб Клінкхамер і Аляксандр Паўловіч.

Гэта трэцяя запар параза ў “зуброў”, прычым на сваім лёдзе. 29 лістапада яны саступілі чэлябінскаму “Трактару” (0:2), 2 снежня прайгралі уфімскаму “Салавату Юлаеву” (2:3).

На сёння “Дынама” займае 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ і ў выпадку далейшых паразаў выхад у плэй-оф можа апынуцца пад пытаннем. Напярэдадні старшыня назіральнага савета клуба, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч жорстка раскрытыкаваў працу кіраўніцтва каманды і пагражаў звальненнямі галоўнаму трэнеру і шэрагу менеджэраў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі