Хадзіў да камуністаў і на рускія маршы, цяпер шукае нацыянальную ідэю беларусаў

21/06/2018 - 12:10

Усе выпускі праграмы "Ідэя Х"

 

У траўні Еўрарадыё запусціла новую праграму “Ідэя Х”. Разам са Змітром Лукашуком яе вядзе расійскі філосаф Максім Гаруноў. Слухачы адразу закідалі нас пытаннямі: чаму беларускаю нацыянальную ідэю шукае расіянін? Мы задалі Максіму Гарунову некалькі пытанняў пра тое, хто ён, адкуль ён, куды ідзе, і чым тлумачыцца яго інтарэс да Беларусі. І вось што ён адказаў.

Пра Расію і цемру

 

Бацька — расіянін, маці — украінка, гадоў пяць жыў у Смаленску. Беларускую мову ўпершыню пачуў на Задняпроўскім кірмашы ў Смаленску. Тваё паходжанне, як ты фарміруешся, гэта ўплывае на твае інтарэсы. Цяпер мае інтарэсы тут, а маё месца знаходжання, хутчэй, у аэрапорце. Калі Расія чарговы раз стане яшчэ больш закрытай і страшнай усярэдзіне, тады прыйдзецца адтуль з'язджаць, і надоўга. Калі цемра атульвае Расію, гэта заўсёды надоўга.

 

Пра пратэсты з Перуном

 

Прыехаў вучыцца на філасофскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта з дзвюма кнігамі — Біблія і “Кабзар” Шаўчэнкі. Мы з іншымі студэнтамі-філосафамі любілі хадзіць на акцыі камуністаў, каб паглядзець і, груба кажучы, пасмяяцца з гэтых маргіналаў. Дзеля жарту я хадзіў і на рускія маршы нацыяналістаў, зазвычай далучаўся да калоны паганцаў, дзе крычалі пра Дажбога, Сварога і Перуна. Глядець на тое, які там падбіраецца кантынгент, даволі забаўна. На пратэсты Навальнага таксама хадзіў, але ў тым і справа, што на пратэсты Навальнага з Перуном не прыйдзеш, бо гэта не для сцёбу.

Пра расійскую філасофію

 

"Нямецкі філосаф" гучыць цудоўна, "французскі філосаф" гучыць добра, а прыстойна — "англійскі філосаф" ды "італьянскі". "Расійскі філосаф" — гучыць смешна. У Расіі было некалькі заўважных аўтараў: Уладзімір Салаўёў, Мікалай Трубяцкі, але, па вялікім рахунку, расійскай філасофіі няма. Дзесьці з трэцяга курса перастаў хадзіць на лекцыі і самастойна складаў сабе метадычку, прыходзіў у бібліятэку замежнай літаратуры і чытаў — вось мае ўніверсітэты.

 

Пра нараджэнне нацыі

 

Калі пяць гадоў таму я пачаў цікавіцца Украінай, гэта было нешта новае, неверагоднае, не было зразумела, да чаго гэта ўсё прывядзе. Але цяпер зразумела, чым гэта скончыцца. Украіна — адна з краін Усходняй Еўропы, такая як Польшча, Румынія, Балгарыя, прыблізна з такімі ж праблемамі. На пытанне, чаму я ў Беларусі, адказ просты: я прысутнічаю пры родах, я хачу злавіць той момант, калі беларуская нацыянальная ідэя народзіцца. Нацыі так сфармаваныя, што іх перыяд цяжарнасці расцягнуты на стагоддзі.

Пра сталінскія рэпрэсіі

 

Калі мы разважаем пра Курапаты, гэта звычайна выглядае наступным чынам: прарасійская ўлада расстраляла беларусаў. Калі мы кажам пра падобныя месцы ў Расіі, у тым ліку пра Бутаўскі палігон [месца масавых расстрэлаў у Маскоўскай вобласці. — Еўрарадыё], дык трэба звярнуць увагу на адну акалічнасць. Да падзей у Крыме мэсадж расійскай улады да грамадства гучаў: “Мы больш так не будзем, убачылі вось гэтыя ямы, запоўненыя трупамі, мы іх паказалі, мы іх адкрылі, мы прызналі сябе вінаватымі ў тым, што органы ўнутраных спраў забівалі нявінных людзей”. Бутаўскі палігон быў абяцаннем, што гэта спыніцца назаўсёды. Але цяпер пасыл змяніўся... “Будзеце кепска сябе паводзіць — глядзіце, што мы можам з вамі зрабіць”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі