Гульні скончыліся. Вялікі фотарэпартаж са стадыёна "Дынама"

30/06/2019 - 22:26

30 чэрвеня Мінску завяршыліся ІІ Еўрапейскія гульні. Цырымонія закрыцця ўяўляла сабой танцпол, на якім адбываўся канцэрт, шэсце і танцы спартоўцаў і валанцёраў.

Адкрыла і закрыла цырымонію Юлія Быкава з праекту Aura: мінулай восенню Юлія разам з мужам, кампазітарам Яўгенам Алейнікам, атрымала прэмію “За нацыянальнае адраджэнне” з рук Аляксандра Лукашэнкі. За “дыскатэку” адказвалі таксама “Беларускія песняры”, народныя калектывы з розных гарадоў Беларусі, J:Морс, IOWA, “Леприконсы”, Shuma, Naviband, Uzari, Аксана Волкава і Мікалай Баскаў.

Апошняе шоў Еўрагульныў было пра сучасную Беларусь. Дзея была пабудаваная вакол надзіманай Нацыянальнай бібліятэкі. У сярэдзіне цырымоніі з’явіўся Зубр-волат з адкрыцця, які звярнуўся да прысутных з палымянай прамовай:

“Я быў тут адвеку. Я бачыў, як адступае мора і растаюць ледавікі. Я бачыў, як кволы парастак робіцца магутным дрэвам. Я голас гэтай зямлі. Я Яе моц, яе душа. Мой дружа, помні сваю гісторыю. Без мінулага няма будучыні. Гэта твой час. Я – беларус. Мы – беларусы”.

Апроч Зубра з прамовай выступіў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што перад усім беларусы зладзілі свята для сябе, маўляў, калі мы разам, то талакой можам звярнуць горы. Лукашэнка запрасіў замежнікаў і найдалей прыязджаць у нашу прыгожую краіну:

“Калі вы зноў захочаце пачуць цішыню, прыязджайце да нас у Беларусь”.

Узгадаў кіраўнік Беларусі і суседзяў:

"Беларусь – краіна, якая не стварае праблем суседзям. Яны ў нас вельмі розныя, і часам размаўляць з імі зусім не проста".

Побач з Лукашэнкам на цырымоніі закрыцця сядзеў Уладзімір Пуцін. Сярод іншых ганаровых гасцей – прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, экс-лідар Арменіі Серж Саргсян, прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч. Дарэчы, Качыянчыч, як і падчас адкрыцця Еўрагульняў, звярнуўся да прысутных і па-беларуску і падзякваў за гасціннасць. А перад тым сказаў, што рады перамозе расійскіх спартоўцаў у медальным заліку. маўляў, допінг гэта галоўнае зло ў сучасным спорце, аднак правіны асобных спартсменаў не павінныя быць прычынай санкцый у дачыненні да цэлай краіны.

На цырымоніі закрыцця таксама з'явіўся і буслік на дратах. Праўда, цяпер да яго падвесілі і Лесіка – талісмана Еўрагульняў. Разам лётаць весялей.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі