Глеб прасіўся ў БАТЭ, каб згуляць супраць "Арсенала", але атрымаў адмову

11/09/2017 - 07:21

Футбольны клуб БАТЭ адмовіў Аляксандру Глебу ў адказ на яго просьбу згуляць супраць "Арсенала" ў Лізе Еўропы. Пра гэта спартовец распавёў у інтэрв'ю на тэлеканале "Беларусь 5".

Па словах Глеба, улетку ён разглядаў некалькі прапановаў ад футбольных клубаў. "Шчыра парадаваўся выхаду БАТЭ ў Лігу Еўропы. Усе папярэднія гады я заўсёды адгукаўся на запрашэнні каманды. Быў патрэбны менавіта ў Лізе чэмпіёнаў. Нашы заўзятары рэагавалі, што я, маўляў, ігнарую беларускі чэмпіянат і імкнуся трапіць толькі на гульні Лігі чэмпіёнаў. Сітуацыя, вядома, была крыху іншай. БАТЭ сам спраўляўся ў беларускім чэмпіянаце", — перадае словы футбаліста tut.by

Пры лёсаванні Лігі Еўропы ў жніўні адным з сапернікаў БАТЭ стаў "Арсенал" — клуб, за які калісьці выступаў Аляксандр Глеб. Спартовец кажа, што адразу ж затэлефанаваў кіраўніку барысаўскай каманды Анатолю Капскаму і папрасіўся ў БАТЭ на любых умовах — нават бясплатна. З аналагічнай просьбай ён звярнуўся і да галоўнага трэнера БАТЭ Аляксандра Ермаковіча

"Пра гэта пагаварыў і з Ермаковічам, прасіў даць мне магчымасць выйсці ў гульні з "Арсеналам" хоць бы на замену і тым самым прыгожа завяршыць кар'еру. Я не збіраўся перашкаджаць клубу вырашаць пастаўленыя задачы. Хоць, думаю, што я мог бы ім яшчэ і дапамагчы годна выглядаць у Лізе Еўропы", — распавёў Глеб.

Аднак кіраўніцтва клуба вырашыла адмовіцца ад прапановы футбаліста. 

Глеб кажа, што рашэнне было для яго нечаканым, але ён верыць, што ўсё робіцца да лепшага. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі