Гісторык Тарасаў: Крыж Еўфрасінні Полацкай захоўваецца каля Масквы

16/03/2016 - 14:11

Гісторык Сяргей Тарасаў лічыць, што хрысціянская святыня Беларусі — крыж Еўфрасінні Полацкай цэлы і знаходзіцца ў падмаскоўным Загорску, у Троіца-Сергіевай лаўры.

У каментары Радыё "Свабода" гісторык згадаў, як у другой палове 90-х брэсцкі мастак Мікалай Кузьміч рабіў копію Крыжа, а рэжысёр Віктар Шавялевіч зняў пра гэта дакументальны фільм. У фільме, кажа Тарасаў, уладыка Філарэт распавядае, як шукаў святыні-рэліквіі, закладзеныя ў Крыж Еўфрасінні Полацкай. Гэта часцінка Крыжа Гасподняга, фрагменты святых мошчаў. І адзінае, чаго не ўдавалася знайсці, — гэта часцінка крыві Ісуса Хрыста.

"І вось аднойчы, калі ён быў у сябе на радзіме ў Загорску, у Троіца-Сергіевай лаўры, у рызніцы ён убачыў на нейкай "дошчачцы" маленькую кропельку і надпіс над ёй (скарочана): "Кроў Хрыстова". Тады ўладыка Філарэт папрасіў дазволу ў захавальніка рызніцы адшчыкнуць часцінку рэліквіі, каб перанесці яе на крыж, які зрабіў майстар Кузьміч. Што і было зроблена", — распавядае гісторык. На думку Тарасава, названая "дошчачка" і ёсць крыж Еўфрасінні Полацкай. Іншай рэліквіі з крывёй Ісуса Хрыста там папросту не можа быць, перакананы спецыяліст.

Тарасаў звяртае ўвагу на тое, што Загорская лаўра — закрытая ўстанова, туды вельмі цяжка трапіць. Гэтым ён і тлумачыць тое, што звесткі пра Крыж дагэтуль не атрымалі пацвярджэння.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі