Генпракуратура Беларусі пацвердзіла перадачу Мурада Амрыева Расіі

09/06/2017 - 08:41

Генпракуратура Беларусі пацвердзіла перадачу Мурада Амрыева Расіі. Адзначаецца, што гэта не была экстрадыцыя. Перадачай Амрыева займаліся органы ўнутраных спраў, інфармуе БЕЛТА. Цяперашняе месцазнаходжанне чачэнца на раніцу 9 чэрвеня невядомае, адзначае “Медуза”.

Чэмпіён свету па ММА (па баях без правілаў) Мурад Амрыеў з’ехаў з Расіі ў 2013 годзе. Ён гаварыў, што сілавікі яго катавалі ў Грозным, хацелі, каб з Германіі вярнуўся старэйшы брат, якога падазравалі ў замаху на начальніка паліцыі. Днямі Амрыеў ехаў з Украіны ў Маскву, каб аформіць візу, на мяжы яго затрымалі, завезлі ў Бранск. Мурада падазравалі ў выкарыстанні падробленых дакументаў, але ў пашпарце была абдрукоўка. Ён быў аб’яўлены ў федэральны вышук. 6 чэрвеня чачэнца фармальна вызвалілі, павезлі на допыт у транспартную пракуратуру. Амрыеў пабачыў, што да будынка прыехалі чачэнскія паліцыянты, пазнаў сярод іх аднаго, які яго катаваў 4 гады таму. Чачэнец здолеў пакінуць будынак і на машыне з сябрамі выехаў у Беларусь. У Добрушы яго затрымалі і змясцілі ў мясцовы РАУС. Было заяўлена, што чачэнца чакае экстрадыцыя. Нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў, сям’і Мурада, якая заявіла, што ў Грозным яму пагражае смяротная небяспека, мужчыну перадалі расійскім праваахоўнікам.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі