Гаспадарык прызнаў віну ў атрыманні хабару больш як на 200 тысяч долараў

19/07/2017 - 11:54

Былы першы намеснік старшыні праўлення "Беларусбанка" Генадзь Гаспадарык прызнаў віну па большай частцы выстаўленых абвінавачванняў, перадае БЕЛТА. Суд над ім пачаўся 19 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы. 

У прыватнасці, былы банкір прызнаў, што за некалькі гадоў атрымаў хабар больш як на 200 тысяч долараў: $4 тыс., 3 тыс. еўра, $70 тыс., $90 тыс., $32 тыс., $14 тыс. Паведамляецца, што Гаспадарык атрымліваў адкаты ад прыватных структураў за іх перамогу ў тэндарах на закуп абсталявання для банка.

Разам з тым топ-менеджар "Беларусбанка" не прызнаў сваю віну ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. 

Акрамя яго па справе праходзіць былы намеснік дырэктара дэпартамента — начальнік упраўлення касавага абслугоўвання дэпартамента па працы з каштоўнасцямі "Беларусбанка" Мікалай Цырто. Паводле следства, ён рыхтаваў тэхнічныя заданні і конкурсныя дакументы для закупу абсталявання банку. Цырто, на думку следчых, афармляў паперы так, каб кампаніі, якія давалі хабар Гаспадарыку, аказваліся ў больш выгадным становішчы. Яго вінавацяць у атрыманні хабару, дачы хабару, злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

Судовы працэс працягнецца 20 ліпеня.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі