Гардон адказаў Лукашэнку, які назваў украінскага журналіста "мярзотнікам"

10/08/2021 - 07:08
Год таму перад выбарамі Дзмітрый Гордан рабіў вялікае інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам​ / БЕЛТА

Украінскі журналіст Дзмітрый Гардон адрэагаваў на абразлівую рэпліку Аляксандра Лукашэнкі, якая прагучала напярэдадні падчас размовы беларускага кіраўніка з журналістамі.

Пачуўшы прозвішча Гардон, Лукашэнка заявіў: "Трэба гэтага Гардона пасадзіць у следчы ізалятар, у нас ёсць вольныя месцы". На ўдакладняючае пытанне "за што" адказаў: "За балбатню". Пры гэтым паспрабаваў пераканаць, што ніколькі не пакрыўджаны на журналіста, а потым назваў яго "мярзотнікам". Год таму перад выбарамі Гардон рабіў вялікае інтэрв'ю з Лукашэнкам, а пасля публічна асудзіў фальсіфікацыю вынікаў і гвалт, якія дапусцілі беларускія ўлады.

"Як тут не ўспомніць заклятага сябра Аляксандра Лукашэнкі Уладзіміра Пуціна і ягоную знакамітую фразу: "Хто як абзываецца, той так і называецца", — заявіў Гардон у адказ на тыраду кіраўніка беларускай дзяржавы.

Украінскі журналіст звярнуўся да Лукашэнкі і нагадаў абставіны, пры якіх было запісана тое перадвыбарчае інтэрв'ю. Паводле яго слоў, ён ехаў да чалавека, "які 26 гадоў на той момант быў ва ўладзе, да чалавека, які на той момант быў вельмі папулярны ва Украіне", у тым ліку таму што ўмеў супрацьстаяць Пуціну і не даваў сваю краіну ў крыўду. Гардон прызнаўся, што яму спадабалася і інтэрв'ю, і сам Лукашэнка як "харызматычны і цікавы чалавек". Але 9 жніўня ўсё змянілася.

"Я не мог тады нават выказаць здагадку, што пройдзе некалькі дзён і вы, не выйграўшы гэтыя прэзідэнцкія выбары, вырашыце ўзурпаваць уладу. Больш таго, вырашыце варварску змагацца з уласным народам", — кажа Гардон.

Паводле яго слоў, ён не мог нават выказаць здагадку, што Лукашэнка зможа ўтрымацца ва ўладзе так доўга, "але, на жаль, беларусы апынуліся не такімі рашучымі, як украінцы". Тым не менш Гордан па-ранейшаму спадзяецца, што "надыдзе той момант, калі выдатны беларускі народ адсвяткуе збавенне ад вас і вашага дэспатызму".

"Вы сапраўдны дэспат, вы разбойнік у чыстым выглядзе, таму што не можа ў 21 стагоддзі лідар дзяржавы вытвараць такое з уласнымі людзьмі", — заявіў Дзмітрый Гардон, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі