Галерэя "Арт-Беларусь" паказала выставу без карцін, забраных следствам

16/06/2020 - 09:02

Галерэя "Арт-Беларусь" паказала, як будзе выглядаць яе экспазіцыя пасля таго, як следства па "справе Белгазпрамбанка" забрала карціны. 

На сценах вісяць пустыя рамкі, а ў іх QR-коды. 

"Працы можна будзе паглядзець на вялікім праектары, а біяграфіі аўтараў і гісторыі палотнаў — з дапамогай QR-кодаў у пустых рамах на чыстых сценах галерэі", — напісалі ў Фэйсбуку куратары галерэі. 

Уваход у галерэю з аўторка, 16 чэрвеня, вольны.

Як паведамлялася раней, следчыя забралі каля 150 карцін мастакоў "парыжскай школы" агульным коштам каля 20 мільёнаў долараў. У эфіры тэлеканала "Беларусь 1" была агучаная версія, што рыхтаваўся вываз твораў мастацтва за мяжу Беларусі.

Карціны праходзяць па "справе Белгазпрамбанка". На мінулым тыдні Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правёў у банку і шэрагу кампаніяў ператрусы. Па іх выніках была пачатая крымінальная справа за ўхіленне ад падаткаў і легалізацыю сродкаў, атрыманных злачынным шляхам. Сілавікі затрымалі 15 чалавек. Старшыня КДК заявіў, быццам ёсць звесткі, што да супрацьпраўнай дзейнасці мае дачыненне экс-кіраўнік банка Віктар Бабарыка, які вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі