Фальшываманетчыкі куплялі на свае "вырабы" жуйку і квіткі ў транспарт

11/08/2017 - 13:50

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб падробцы новых дваццацірублёвых купюраў. Следства вёў Фрунзенскім (г.Мінска) райаддзел Следчага камітэта. Абвінавачанне выставілі двум жыхарам сталіцы, паведамляецца на сайце Следчага камітэта.

Гэта першы ў Беларусі выпадак, калі падраблялі новыя грашовыя купюры.

Сёлета ўзімку 28-гадовы мужчына ў сябе на лецішчы стаў друкаваць падробленыя 20-рублёвыя купюры з дапамогай ноўтбука і друкаркі. Фальшывыя банкноты ён перадаваў свайму 26-гадоваму знаёмаму з Мінску. На падробленыя грошы мінчук купляў розную драбязу: жуйку, квіткі для грамадскага транспарту, расплочваўся імі ў маршрутных таксоўках і г.д. На рэшту яму давалі сапраўдныя купюры, якія супольнікі і дзялілі паміж сабой.

Пры ператрусе па месцы жыхарства падазраваных праваахоўнікі забралі камп'ютарную тэхніку, фальшывыя банкноты наміналам 20 беларускіх рублёў, прылады для кропельна-струмянёвага друку, нарыхтоўкі для пячатак з адбітка штампаў розных арганізацый, бланкі даведак аб даходах фізічнай асобы, а таксама іншыя прадметы, якія выкарыстоўваюцца для вырабу фальшывых дакументаў.

Экспертыза паказала, што знойдзеныя 20-рублёвыя банкноты былі фальшывымі. Яны друкаваліся на струмянёвым прынтары, ахоўную нітку вытворцы імітавалі пры дапамозе каляровага струмянёвага друку з нанясеннем фрагментаў фольгі на адным баку грошай.

Пазней следчыя выявілі таксама, што напарнікі зрабілі фальшывую даведку аб даходах фізічнай асобы, каб атрымаць крэдыт.

Абодвум мужчынам выставілі абвінавачанне ў вырабе і збыце падробленых грошай, замаху на тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, а таксама ў падробцы і вырабе падробленых дакументаў і штампаў. Агулам ім інкрымінуецца 26 эпізодаў злачыннай дзейнасці.

Справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі