Еўрапейская федэрацыя журналістаў абураная чарговым прысудам Кацярыне Андрэевай

13/07/2022 - 13:46

Еўрапейская федэрацыя журналістаў абураная чарговым прысудам беларускай журналістцы Кацярыне Андрэевай. Арганізацыя заклікае ЕС, Савет Еўропы і АБСЕ ўзмацніць дыпламатычны ціск на беларускае кіраўніцтва.

“Дыктатар і ягоныя паплечнікі не грэбуюць нават самымі нізкімі дзеяннямі, піша прэзідэнт ЕФЖ Мая Север. — Яны дайшлі да таго, што прыцягнулі да крымінальнай адказнасці раней несправядліва асуджаную журналістку па новых сфабрыкаваных абвінавачаннях. Гэтыя судовыя пераследы і ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да журналістаў дэманструюць сапраўдную прыроду дыктатарскага рэжыму ў Беларусі".

13 ліпеня палітзняволеная Кацярына Андрэева ў Гомелі на закрытым працэсе была асуджана на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму. Яна "прызнана вінаватай у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь". 5 верасня 2022 года Андрэева ўжо мусіла б выйсці на волю, але яе пакінулі за кратамі. У зняволенні яна з 15 лістапада 2020 года. У лютым 2021-га была асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі з "Плошчы Перамен" у Мінску. Яе разам з Дар'яй Чульцовай прызналі вінаватай у "арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Віны сваёй палітзняволеныя не прызналі.

Пра новую крымінальную справу стала вядома вясной сёлета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі