Еўрабачанне як машына: погляд знутры

12/05/2017 - 12:57

"Еўрабачанне" — калі ты знаходзішся ўнутры яго, а не глядзіш трансляцыю, уражвае сваім пазітывам, радасцю і дружалюбнасцю. Толькі і чуеш вакол шчаслівае "Happy Eurovision"! Таму Еўрарадыё вырашыла канчаткова "уліцца ў натоўп" падчас паўфіналу, у якім выступалі Naviband (прэса глядзіць шоу ў прэс-руме на вялікіх экранах альбо набывае квіток на канцэрт) і адчуць самыя непасрэдныя эмоцыі ад выступу артыстаў разам з тысячамі гледчоў.

Публіка прыходзіць на канцэрт вельмі падтрыхтаванай: шыюць для гэтага яркія касцюмы ў колерах сцяга сваёй краіны, робяць кідкі макіяж, апранаюцца так, каб іх заўважылі і з радасцю фатаграфуюцца з усімі жадаючамі. Беларускіх фэнаў мы сустрэлі не вельмі многа. Але якіх! Яўгена Літвінковіча, зорку X-Фактара, загорнутага ў чырвона-зялёны сцяг, літаральна разрываюць на сэлфі ўкраінскія прыхільнікі. Аблеплены фанатамі спявак кажа, што ўпершыню спакойны за Беларусь на "Еўрабачанні":

"Нічога не хачу казаць супраць папярэдніх прадстаўнікоў краіны, але скажу шчыра. Чыста па адчуваннях душы мне цяпер лёгка, свабодна, і я зусім не саромеюся паглядзець на тых, хто выйдзе на сцэну. Сёння я не баюся нічога. Бо дуэт шыкоўны, ён душэўны, лёгкі, просты і, галоўнае, што ў гэтай песні наша родная мова гучыць цесна з нашай душой".

Арцём і Уладзіслаў з бел-чырвона-белым сцягам упершыню на "Еўрабачанні", і па іх тварах можна зразумець, што яны ў шоку:

"Мы тут з вельмі добрым настроем. Не чакалі такой атмасферы, што тут усё так дружалюбна, з кожным хочацца сфатаграфавацца. Мы прыехалі цягніком. Тут многа беларусаў з абодвума сцягамі".

Пад сцэнай, у зоне Golden Ring — самыя адданыя прыхільнікі. Яны ведаюць на зубок кожную песню, а калі выступае іх выканаўца, пачынаецца сапраўдны вэрхал. Праўда, ёсць сярод іх і такія, што сумуе ў чаканні сваіх фаварытаў, калупаюцца ў тэлефонах і “ўключаюць” радасць, калі на іх наязджае камера. Але такіх меншасць.

Само "Еўрабачанне" з тэхнічнага пункту гледжання — дасканалая машына, у якой, падаецца, не можа быць збояў. Пакуль на экране ідзе 20-секундны прома-ролік таго ці іншага артыста, на сцэну выбягаюць "чорныя чалавечкі", якія хуценька распаўляюць рэквізіт, паспяваюць прабегчыся па сцэне швабрай, падбадзёрыць выканаўцу, галоўны рэжысёр дае каманду публіцы што рабіць — альбо ўключае ліхтарык, маўляў, пасвяціце тэлефонамі, альбо ўздымае рукі — танчым! Дзяўчаты на трыбунах таксама сочаць за колькасцю узнятых рук і даюць каманду, калі іх апускаць.

Выканаўцы, калі выходзяць на сцэну, адразу могуць быць засяроджаныя на камеры і не адказваць на воклічы фэнаў. Аднак многія артысты махаюць рукамі і ўсміхаюцца, падаецца, гатовыя кінуцца ў абдымкі. Падчас выхаду вядучых альбо інтэрв'ю з тымі, хто выступіў і чакае лёсу ў зялёнай зоне, сцэна можа стаяць пустая. А публіка разварочваецца да яе спінай, гледзячы на экраны. 

Праўда, тут, пад сцэнай, не асабліва чуваць, пра што там гавораць канкурсанты, бо ўсе гучна размаўляюць. Асабліва актыўнічаюць ізраільцяне і аўстрыйцы, колькасць якіх уражвае. Дарэчы, калі на сцэну выходзяць Naviband, публіка пачынае хорам скандаваць “Belarus, Belarus”, чаго не было падчас выступу іншых артыстаў, і што, безумоўна, прыемна. Тых, хто спявае па-беларуску з Navi, замежнікі здымаюць на відэа, маўляў, гэта ж трэба, вы таксама так умееце!

Асабліва прыцягвае ўвагу кампанія з чатырох дзяўчат і хлопца, якія хораша спяваюць усе песні. Яны аказваюцца статыстамі.

“Мы выступалі на сцэне перад усімі канкурсантамі, каб маглі настроіць гук, святло, таму мы ведаем усе песні. Але, натуральна, мы фанаты "Еўрабачання". Я асабіста планую ад Украіны паехаць у будучыні, сто адсоткаў”, — кажа прыгожая Нана. “А мы з Ірай спявалі за Беларусь. Мы перакананыя, што яны будуць у фінале. Іх песня вельмі зараджае”, — дадае Косця.

Рэквізіту на сцэне цяпер мала. Усё замяняюць галаграмы, святло і спецэфекты. Усё даведзена да аўтаматызму і дасканаласці.

Магчыма, тут мае значэнне краіна, у якой праходзіць конкурс, але, калі вынікі яшчэ не аб'явілі, гледачы пачалі масава разыходзіцца, як і на канцэртах Аляксандра Саладухі ў мінскім Палацы спорту на бісе.

Фэны з тату ў гонар "Еўрабачання"

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі