ЕС вылучыць мільярд еўра для дапамогі бежанцам

24/09/2015 - 05:07

На экстраных перамовах у Брусэлі па праблеме мігрантаў еўрапейскія лідары вырашылі вылучыць мільярд еўра, каб дапамагчы мільёнам сірыйскіх бежанцаў, якія апынуліся ў суседніх краінах на Блізкім Усходзе.

Па словах прэзідэнта Савета Еўропы Дональда Туска, якія перадае BBC, грошы будуць перададзеныя прадстаўніцтвам ААН у Ліване, Іарданіі і Турцыі. Туск адзначыў, што хваля бежанцаў яшчэ не схлынула, і задача Еўропы — дапамагаць мігрантам, ахоўваючы свае межы. У дзяржавах, якія сутыкаюцца з гэтай праблемай, да канца лістапада будуць арганізаваныя спецыяльныя цэнтры для мігрантаў, заявіў палітык.

Лідары ЕС таксама дамовіліся пра ўмацаванне вонкавых межаў Еўрасаюза.

Нагадаем, што перад гэтым краіны — чальцы ЕС раскалоліся з нагоды праграмы рассялення 120 тысяч мігрантаў. Так, прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца паабяцаў апратэставаць у судзе рашэнне Еўрасаюза размясціць бежанцаў у краінах ЕС.

Сістэма квот па краінах ЕС была зацверджаная ў аўторак. План прадугледжвае перасяленне 120 тысяч мігрантаў па ўсіх краінах ЕС у адпаведнасці з квотамі для кожнай дзяржавы. Акрамя Славакіі, незадаволенасць гэтай сістэмай выказалі Чэхія, Румынія і Венгрыя.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі