Экс-кіраўнік Салігорскага раёна, асуджаны за хабар, выйшаў на волю праз паўгода

15/06/2018 - 15:41

Былы кіраўнік Салігорскага раёна Аляксандр Рымашэўскі на днях выйшаў на волю, піша tut.by. У снежні 2017 года суд Мінскай вобласці прысудзіў чыноўніка да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такім чынам, пасля прысуду прайшло толькі паўгода. 

Як паведамлялася раней, Рымашэўскага затрымалі ўлетку 2017 года падчас атрымання хабару. Паводле звестак следства, у дзень затрымання яму перадалі 2,7 тысячы долараў. Агульная сума хабару, якая фігуравала на судзе, — амаль 17 тысяч долараў.

Жыхары вёскі Камень Капыльскага раёна, дзе былы чыноўнік мае дом, пацвердзілі, што Рымашэўскі выйшаў на волю. Па словах мясцовай жыхаркі, ён павінен з'ехаць на працу ў Брэсцкую вобласць.

У пракуратуры Салігорскага раёна, а таксама ў Салігорскім райвыканкаме журналістам не сталі нічога казаць пра былога кіраўніка. 

Адвакат Дзмітрый Гарачка, які абараняў Рымашэўскага на судзе, кажа, што прысуд быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе і пакінуты без зменаў. Пра вызваленне экс-чыноўніка ён нічога не чуў. 

Ёсць верагоднасць, што Рымашэўскага памілаваў Аляксандр Лукашэнка. Афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў заяўляе, што яго ведамства такой інфармацыі не мае. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі