Экс-камандзір "Данбаса" Сяменчанка абверг сувязь з "тэрарыстам" Аўтуховічам

15/02/2021 - 13:38
Сямён Сяменчанка і Мікалай Аўтуховіч / Еўрарадыё

Тэлеканал АНТ паказаў двухсерыйны фільм з гучнай назвай "Тратыл пратэсту", у якім аўтары звязалі беларускага палітыка Мікалая Аўтуховіча з Сямёнам Сяменчанкам, экс-камандзірам украінскага батальёна "Данбас". Сяменчанку абвінавацілі ў датычнасці да падрыхтоўкі тэракта ў Беларусі — маўляў, ён збіраўся дапамагчы Аўтуховічу прайсці спецыяльную падрыхтоўку, забяспечыць зброяй і гэтак далей.

Еўрарадыё пагутарыла з былым камандзірам "Данбаса" — той адмаўляе нават факт знаёмства з беларускім палітыкам.

— Не, я наогул яго [Аўтуховіча. — Еўрарадыё] раней не ведаў. Стваральнікам фільма ["Тратыл пратэсту" тэлеканала АНТ. — Еўрарадыё] хачу падзякаваць за тое, што яны мяне на 20 хвілін акунулі ў 2014 год: тады расійскія СМІ абвінавацілі мяне ў гандлі чалавечымі органамі. Па расійскім тэлеканале паказвалі нібыта маю перапіску з кіраўніком СБУ і нейкай загадкавай нямецкай жанчынай-лекарам. Расказвалі пра тое, што я гандлюю органамі загінулых украінскіх салдат. Паказвалі нейкія скрыншоты, нейкія страшныя чалавеканенавісніцкія рэчы. І тут тое самае! Да ўсяго гэтага я ўжо стаўлюся з гумарам, — расказвае Сямён Сяменчанка.

Мікалай Аўтуховіч / АНТ

Чаму "Ivaplast Kiev" гэта я? Я так і не зразумеў

У доказ свайго пункту гледжання аўтары "расследавання" прывялі скрыншоты перапіскі. Зрэшты, калі прыгледзецца, гэта не скрыншоты перапіскі, а проста фразы, змешчаныя ў спіч-баблы, — як у коміксах.

— Наконт скрыншотаў — такія можна зрабіць у любой праграме. У тым жа фоташопе. Ставіцца фатаграфія і расказваецца, што гэта нібыта я, — тлумачыць Сямён Сяменчанка. — У перапісцы ў мяне чамусьці іракскі нумар і пазыўны "Ivaplast Kiev". Чаму гэта я? Я так і не зразумеў. Калі б паказалі нейкія сведчанні тых людзей, якіх абвінавачваюць у тэрактах... Хоць я і тэрактаў там не ўбачыў — там нібыта падпалы дамоў і машын, пры якіх не загінуў ні адзін чалавек. Гэта дробнае хуліганства.

Я ўпэўнены, што людзям, якія ў гэтым абвінавачваюцца, не смешна абсалютна: ніводнага суда, ніводнага доказу, але тым не менш з іх ужо робяць ледзь не забойцаў дзяцей. Я не лезу ў вашы справы, але проста вельмі дзіка, што на падставе нейкіх малюнкаў робіцца выснова аб датычнасьці зусім старонняга чалавека да нейкіх момантаў. Я вельмі здзіўлены.

Скрыншот фільма тэлеканала АНТ

Камандзір "Данбаса", хай нават і былы, цалкам уплывовы чалавек. Ці рэальна чалавеку такога ўзроўню арганізаваць на беларуска-ўкраінскай мяжы калідор, пра які гаворыцца ў фільме?

— Гледзячы кім мяне лічыць. Калі мяне лічыць кіраўніком украінскіх спецслужбаў, то, напэўна, да мяжы я б змог арганізаваць калідор. Але як я магу арганізаваць яго на беларускім баку? Можа, я адначасова кіраўнік беларускага КДБ? — дзівіцца Сяменчанка.

Хто ўзарваў МАЗ?

Каб зрабіць уражанне на гледача, на здымках "Тратылу пратэсту" ўзарвалі пасажырскі МАЗ, папярэдне паказаўшы сумку, якая стаіць пад сядзеннем. "Такое ж магло адбыцца ў любы момант на вуліцах беларускіх гарадоў! Маглі ж загінуць людзі!" — адрэагуе ўражлівы чалавек. У той жа час у "выкрывальным" фільме не прыведзены свежыя матэрыялы допытаў Аўтуховіча. Толькі тое, што было знята неўзабаве пасля затрымання палітыка.

Узарваны на палігоне аўтобус / АНТ

Калі ёсць доказы датычнасці Сяменчанкі да "групы Аўтуховіча", чаму б беларускім спецслужбам не звярнуцца з запытам ва ўкраінскія органы, каб тыя дапыталі яго?

— Ніякага звароту не было. І, хутчэй за ўсё, не будзе. Я, у сваю чаргу, магу афіцыйна звярнуцца ў амбасаду Беларусі і, можа быць, падумаю наконт пазоўнай заявы. Але, думаю, гэта нічым не скончыцца. Нуль дакументаў, нуль прызнальных заяў ад людзей, якія маглі са мной мець зносіны. Проста намаляваныя карцінкі, — адказвае "данбасавец" Сяменчанка.

Беларускія сілавікі не першы раз "выкрываюць тэрарыстаў" і пачынаюць гучныя крымінальныя справы падчас грамадскіх узрушэнняў і палітычных крызісаў. Можна ўспомніць тынэйджараў са страйкбольнай каманды "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва"; "справу "Белага Легіёна", пра які, дарэчы, таксама быў зняты прапагандысцкі фільм; прарыў праз беларуска-ўкраінскую мяжу джыпа са зброяй у 2017 годзе; 200 байцоў расійскай ПВК перад выбарамі 2020 года. Пазней справы закрываюцца і спускаюцца на тармазах, дзяржпрапаганда і чыноўнікі проста перастаюць гаварыць пра іх.

Экспартаваць Майдан немагчыма

З году ў год Украіна рэгулярна фігуруе ў дзяржпрапаганды як "краіна-пастаўшчык" тэрарыстаў. Чаму так?

— Для Расіі ўкраінскі Майдан — гэта антыпрыклад, таму што яны [прадстаўнікі найвышэйшых эшалонаў улады ў Расіі. — Еўрарадыё] не хочуць, каб іх карумпаваная і агрэсіўная ўлада была змененая актыўнай часткай расійскага грамадства, — разважае Сяменчанка. — Таму яны рады праблемам ва Украіне і пастаянна паказваюць яе як антыпрыклад, тым самым робячы прышчэпку ад рэвалюцыі ў сваёй краіне. Паколькі Лукашэнка ўвесь час заяўляе, што ён з Пуціным плячо ў плячо, то відавочна, што ён наважыў браць метады свайго паўночнага суседа. Пачаліся праблемы з уладай, выбары не прызналі, пайшлі пратэсты — дык вось узялі, напэўна, тую ж логіку і рыторыку [што і ў Расіі. — Еўрарадыё].

Экс-камандзір "Данбаса" засмучаны тым, што з украінцаў пастаянна спрабуюць зрабіць ворагаў для краін-суседак. Па яго словах, украінцы не зацікаўлены ні ў такім іміджы, ні ў тым, каб "прасоўваць" Майдан у Беларусі. Ды гэта і ў прынцыпе немагчыма.

— У нас у краіне маса сваіх праблем: гэта і карупцыя, і расійская агрэсія. Мы сканцэнтраваныя на тым, каб наводзіць парадак у сябе. І калі нам не будзе нічога пагражаць у Беларусі, мы не збіраемся нікуды экспартаваць ні рэвалюцыю, ні яшчэ нешта. Мы за барацьбу любых свабодных людзей, за цывілізаванае грамадства. За тое, каб была прававая дзяржава. Дарэчы, я ў гэтых абвінавачаннях [гаворка пра "Тратыл пратэсту". — Еўрарадыё] прававой дзяржавы не ўбачыў: няма ж ніякага рашэння суда, ёсць толькі малюнкі, як у пуцінскай Расіі.

Незалежна ад майго стаўлення да цяперашняй улады ў Беларусі, мне б вельмі не хацелася, каб з Украіны рабілі нейкіх страшыдлаў для беларускага народа. Мы добра ставімся да Беларусі, мы не збіраемся лезці за вас вырашаць вашы праблемы, таму што рашэнне вашых праблем толькі ў вашых руках, мы гэта самі зразумелі на Майдане. Гэта экспартаваць немагчыма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі