Эканаміст, вайсковы лекар, начальнік мытні — гэта кіраўнікі ў беларускім спорце

09/08/2022 - 09:37
Калі апынуўся не на сваім месцы, але ўсё роўна нядрэнна ўладкаваўся / alamy.com

Ля стырна спартыўных федэрацый Беларусі нямала людзей не ад спорту. Гэта сілавікі, бізнесмены, эканамісты, юрысты, дыпламаты і нават вайсковы лекар. Расказваем пра кіраўнікоў-прызначэнцаў, якія не маюць або амаль не маюць прафесійнага дачынення да займаных імі спартыўных пасад.

 

Федэрацыя бадмінтона

Беларускую федэрацыю бадмінтона ўзначальвае Аляксандр Петраш. Раней ён быў старшынёй суда Маскоўскага раёна Мінска. Цяпер Аляксандр працуе дырэктарам Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Аляксандр Петраш / znk.by

Федэрацыя баскетбола

Яшчэ адзін кіраўнік не ад спорту — фігурант "чорнага спіса ЕС" Максім Рыжанкоў. На цяперашні момант ён першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Да гэтага паспеў папрацаваць у Цэнтральным апараце Міністэрства замежных спраў, амбасадзе Беларусі ў Ізраілі і Польшчы. З прафесійным спортам жыццё Максіма Рыжанкова яўна не звязанае, але гэта не перашкаджае яму ўзначальваць Беларускую федэрацыю баскетбола.

Дарэчы, бацька Максіма Рыжанкова быў міністрам спорту і турызму Беларусі, а таксама першым прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Максім Рыжанкоў / president.gov.by

Федэрацыя бокса

Узначаліць Беларускую федэрацыю бокса даверылі Аляксандру Бацвінніку, унуку аднаго з заснавальнікаў айчыннай школы бокса. Аляксандр не займаецца боксам прафесійна, а працуе першым намеснікам генеральнага дырэктара па стратэгічным развіцці, інавацыйнай дзейнасці і інфармацыйных тэхналогіях БелАЗа.

Аляксандр Бацвіннік / ctv.by

Федэрацыя воднага пола

Старшыня Беларускай федэрацыі воднага пола — доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры ваенна-палявой хірургіі, палкоўнік Сяргей Жыдкоў. У юнацтве ён займаўся гэтым відам спорту, гуляў за казахстанскую каманду, але вучыцца пайшоў на лекара. Хутчэй за ўсё, даўні непрацяглы досвед і паслужыў падставай для прызначэння Жыдкова на высокую спартыўную пасаду. Мабыць, іншых кіраўнікоў, маладзейшых або больш дасведчаных, не знайшлося.

Сяргей Жыдкоў / bsmu.by

Федэрацыя валейбола

Уладзімір Вашчанка працаваў заточнікам магілёўскага завода "Строммашына", малодшым інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду, займаў шэраг высокіх пасад, звязаных з выратавальна-пажарнай справай. Скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, Камандна-інжынерны інстытут МНС.

У снежні 2010 года яго прызначаюць міністрам МНС Беларусі. У студзені 2021-га ён пакідае гэтую пасаду, а ў чэрвені гэтага ж года становіцца старшынёй Беларускай федэрацыі валейбола. Нечаканы паварот у кар'еры чалавека, які прысвяціў усё жыццё працы з надзвычайнымі сітуацыямі.

 

Уладзімір Вашчанка / Serge Serebro

Федэрацыя гандбола

Уладзімір Канаплёў у юнацтве вучыўся не на спартсмена, а на географа. Працаваў настаўнікам у школе-інтэрнаце Шклова, намеснікам дырэктара школы, інспектарам па справах непаўналетніх.

Кар'ера Уладзіміра прыкметна пайшла ўгору пасля таго, як у 1991 годзе ён стаў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі. Для Канаплёва пачаліся дэпутацкія часы, якія скончыліся толькі ў 2007-м. А ў 2013 годзе ён быў асуджаны за неданясенне аб асабліва цяжкім злачынстве па справе экс-намесніка генпракурора Аляксандра Архіпава. Тым не менш чалавек, які мае такую біяграфію і не мае прафесійнага дачынення да гандбола, з 2006 года і да гэтага часу ўзначальвае Беларускую федэрацыю гандбола.

 

Уладзімір Канаплёў / handball.by

Асацыяцыя гімнастыкі

Беларускую асацыяцыю гімнастыкі ўзначальвае Алена Скрыпель. Яна не алімпійская чэмпіёнка, не трэнер і нават не проста спартсменка-гімнастка. Алена — бізнес-вумен, якая валодае сеткай крам д'юці-фры Helen&Valery.

Мы не знайшлі звестак пра значныя спартыўныя дасягненні Алены. Але заўважылі яе даўнюю сувязь з Аляксандрам Лукашэнкам, з якім яна, па яе словах, пазнаёмілася ў 1996 годзе на "Калядных сустрэчах", ёю ж і арганізаваных. Знаёмства аказалася не марным: у далейшым для "д'юцікаў" спатрэбілася пратэкцыя Лукашэнкі.

— Нашы крамы не працавалі як бяспошлінныя з 2007 да 2013 года. Бізнес быў пад пагрозай, але мы знайшлі магчымасць працягнуць працаваць як звычайныя крамы. Вычакалі час, пераканалі прэзідэнта ў неабходнасці адкрыць крамы д'юці-фры, — расказвае Алена Скрыпель у інтэрв'ю часопісу Office Life.

Алена Скрыпель / officelife.media

Асацыяцыя гольфа

У асацыяцыі гольфа старшынствуе Уладзімір Дражын. Пасля заканчэння Мінскай вышэйшай партыйнай школы ён займаў розныя пасады ў райкамах партыі. Быў старшынёй Нясвіжскага райвыканкама, намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі, прадстаўніком дзяржавы ў "Белзнешэканомбанку". Удалося Уладзіміру Дражыну пабыць амбасадарам у Літве і Фінляндыі па сумяшчальніцтве. Старшынёй Беларускай асацыяцыі гольфа ён абраны са снежня 2014 года.

Уладзімір Дражын / sb.by

Федэрацыя веславання

Бізнесмен Аляксандр Машэнскі — старшыня Беларускай федэрацыі веславання. Можна, вядома, дапусціць, што ён даўно і прафесійна звязаны з гэтым відам спорту. Але публічна ён вядомы не як спартовец, а як той, каму належаць рыбныя і малочныя брэнды "Санта Імпэкс Брэст", "Санта Брэмар", "Савушкін прадукт", "Рускае мора".

Машэнскага называюць прыхільнікам Лукашэнкі. У санкцыйныя спісы ЕС бізнесмен не трапіў дзякуючы пратэкцыі з боку Венгрыі. Ісландскае выданне stundin.is мяркуе, што Будапешт заступіўся за Машэнскага праз цесныя сувязі з ягоным памочнікам Сяргеем Нядбайлавым, які з'яўляецца ганаровым консулам Венгрыі.

Аляксандр Машэнскі / probusiness.by

Асацыяцыя каноэ

Валянцін Байко — яшчэ адзін прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі, які ўзначальвае Беларускую асацыяцыю каноэ. У свой час Валянцін скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці "настаўнік пачатковых класаў". Пра асабістыя поспехі і дасягненні мужчыны, звязаныя з каноэ, невядома.

Але вядома, што ён саўладальнік прыватнага прадпрыемства па вытворчасці бялізны "Контэ Спа". Мае актывы ў Тураўскім малочным і Брэсцкім панчошным камбінатах, а таксама іншых прадпрыемствах. Акрамя старшынства ў Беларускай асацыяцыі каноэ, ён з'яўляецца членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

 

Валянцін Байко / sb.by

Федэрацыя плавання

На чале Беларускай федэрацыі плавання стаіць Эла Сяліцкая. Яна не прафесійная плыўчыха, а намеснік міністра ў Міністэрстве па падатках і зборах Беларусі.

У адным з інтэрв'ю чыноўніца згадвала, што калісьці ў маладосці вучылася ў спартыўным класе і ёй, маўляў, нават удалося выканаць нарматыў майстра спорту па плаванні. Можа быць, і тут мінулы досвед адыграў ролю ў прызначэнні на спартыўную пасаду?

Эла Сяліцкая / БЕЛТА

Федэрацыя скачкоў у ваду

Кіраваць Беларускай рэспубліканскай федэрацыяй скачкоў у ваду прызначылі цяперашняга намесніка старшыні назіральнага савета Парытэтбанка Ігара Кацібнікава.

Ён скончыў БДЭУ (раней "наргас") па спецыяльнасці "Фінансы і крэдыт". Пасля працаваў крэдытным інспектарам, эканамістам, намеснікам начальніка фінансавага аддзела Мінскага электратэхнічнага завода, намеснікам кіраўніка ў Мінсккомплексбанку. Карацей, займаў мноства пасад, звязаных з эканомікай. Звестак пра тое, што Ігар Кацібнікаў трэніраваў спартсменаў або сам прафесійна скакаў у ваду, не знайшлося.

Ігар Кацібнікаў / прэс-служба Альфа-Банка

Федэрацыя стралковага спорту

Сяргей Дудко займаў пасаду намесніка кіраўніка Антытэрарыстычнага цэнтра СНД, намесніка начальніка Генштаба Узброеных сіл Беларусі. Акрамя таго, ён ветэран ваенных дзеянняў у Афганістане. Кар'еру скончыў у чыне генерал-маёра. З'яўляецца старшынёй Федэрацыі стралковага спорту.

Сяргей Дудко / ctv.by

Тэнісная федэрацыя

Сяргей Рутэнка — беларускі гандбаліст, заслужаны майстар спорту Беларусі, шасціразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў, які ў мінулым меў таксама славенскае і іспанскае грамадзянства. Пасля задушэння пратэстаў у 2020 годзе падпісаў праўладны ліст спартоўцаў, якія падтрымалі дзеянні беларускіх уладаў.

А ў 2021 годзе былога гандбаліста Рутэнку прызначаюць старшынёй Беларускай тэніснай федэрацыі.

Сяргей Рутэнка / БЕЛТА

Федэрацыя цяжкай атлетыкі

Ля стырна гэтага грамадскага аб'яднання стаіць Павел Лабачоў, сын Анатоля Лабачова, заслужанага трэнера СССР і БССР па цяжкай атлетыцы.

Лабачоў-малодшы не пайшоў па слядах бацькі. Ён скончыў БДУІР, Інстытут нацыянальнай бяспекі, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце і ўзначаліў Віцебскую мытню. А ў 2021 годзе атрымаў ад Лукашэнкі генеральскія пагоны.

Павел Лабачоў / customs.gov.by

Федэрацыя футбола

Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола — палкоўнік Уладзімір Базанаў. Яшчэ ён з'яўляецца старшынёй Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і сябрам савета і прэзідыума "Белай Русі". Да федэрацыі Базанаў узначальваў брэсцкае "Дынама".

Базанаў скончыў Каломенскае вышэйшае ваеннае артылерыйскае вучылішча і Ваенную артылерыйскую акадэмію імя Калініна. У яго за плячыма пасады камандзіра ракетнай брыгады і ваеннага камісара Брэсцкай вобласці.

30 лістапада 2021 года Базанава і яго жонку затрымалі ў Чэхіі за парушэнні дзейных у рэспубліцы супрацьэпідэмічных мер, а пазней выслалі з краіны.

Уладзімір Базанаў / БЕЛТА

Каратыст-чыноўнік

А вось Аляксей Багданаў у свой час працаваў трэнерам-выкладчыкам Беларускай федэрацыі традыцыйнага каратэ. У 1993 годзе ён нават перамог на чэмпіянаце Еўропы і першым у краіне заслужыў званне майстра спорту міжнароднага класа. А праз год Багданаў узяў срэбра на Кубку свету.

Кар'ера Багданава склалася так, што ў 2022 годзе ён на пасадзе міністра ўзначальвае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі і адначасна старшынствуе ў Беларускай федэрацыі каратэ.

Аляксей Багданаў / sb.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі