Дзярждэп: Злучаныя Штаты хочуць стабільных адносін з Беларуссю

22/04/2021 - 06:26

Дзеянні афіцыйнага Мінска перашкаджаюць нармалізацыі адносінаў са Злучанымі Штатамі. Пра гэта на брыфінгу ў сераду заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс.

"ЗША заўсёды дамагаліся ўстойлівых і прадказальных стасункаў з Беларуссю з моманту здабыцця ёю незалежнасці ў 1991 годзе. Але пакуль у Беларусі будзе працягвацца тое, чаму мы сталі сведкамі — парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі — нельга весці справы па-ранейшаму", — прыводзіць яго словы TUT.by. Пры гэтым Прайс згадаў, што ЗША вырашылі аднавіць санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.

Амерыканскі дыпламат падкрэсліў, што ЗША хочуць нармалізаваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю і для гэтага вельмі важна прыбыццё амерыканскай амбасадаркі ў Мінск.

Амерыканская амбасада ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе, без амбасадара з 2008 года. У 2020-м дзяржавы дамовіліся пра абмен амбасадарамі і прызначылі кандыдатуры. Аднак прызначаны беларускі амбасадар Алег Краўчанка памёр яшчэ да ад'езду ў ЗША. А амерыканская амбасадарка Джулі Фішэр кажа, што не можа прыехаць у Мінск, бо ёй не выдаюць беларускую візу. 

На днях кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у адказ заявіў, што Мінск гатовы прыняць амерыканскую амбасадарку, але хоча загадзя ведаць, як яна плануе працаваць у Беларусі: "Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі