Джулі Фішэр: Японія і Польшча не дазволілі рэжыму дыскрэдытаваць Ціманоўскую

02/08/2021 - 13:42

Сітуацыю з лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай пракаментавала прызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.

У сваім акаўнце ў твітары яна адзначыла ролю, якую адыгралі Японія і Польшча: "Дзякуючы хуткім дзеянням уладаў Японіі і Польшчы Ціманоўская змагла пазбегнуць спробаў рэжыму Лукашэнкі дыскрэдытаваць і зняважыць яе за выказванне меркавання".

1 жніўня лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую спрабавалі сілай і супраць яе жадання вывезці з Токіа ў Беларусь. Пра гэта спартоўка паведаміла ў такійскім аэрапорце, звярнуўшыся па дапамогу паліцыі і Міжнароднага алімпійскага камітэта. 

Перад гэтым бягуху, якая трэніравалася на дыстанцыях 100 і 200 м, без яе ведама паставілі ўдзельнічаць на Алімпіядзе ў эстфеце 4х400 м. Ціманоўская выказала сваё абурэнне ў сацсетках. Кіраўніцтва беларускай алімпійскай дэлегацыі зусім зняло дзяўчыну са спаборніцтваў і прымусова адправіла ў Беларусь.

Падзея выклікала міжнародны розгалас. Прадстаўнікі МАК разбіраюцца ў інцыдэнце і не выключаюць, што супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі могуць быць ужытыя санкцыі. 

2 жніўня амбасада Польшчы выдала Ціманоўскай гуманітарную візу для пералёту ў Варшаву. Муж спартоўкі выехаў з Беларусі ў Кіеў. У гутарцы з Еўрарадыё ён расказаў, як паехаў ва Украіну, чым адрозніваюцца дыстанцыі на 200 м і 400 м, а таксама расказаў пра характар жонкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі