Джэкпот на новае сэрца: Украіна спрабуе дагнаць Беларусь па перасадцы органаў

11/11/2020 - 14:14
Віктар Буркоўскі стаў трэцім пацыентам, якому за апошнія 15 гадоў ва Украіне перасадзілі сэрца / Анастасія Уласава / hromadske

У 2021 годзе ва Украіне павінен запрацаваць закон аб трансплантацыі, а таксама Адзіная дзяржаўная інфармацыйная сістэма, якая дазволіць у аўтаматычным рэжыме фармаваць пары "донар — рэцыпіент". Мэта гэтых новаўвядзенняў — зрабіць краіну трансплантацыйна незалежнай, паколькі такія аперацыі ва ўкраінскіх бальніцах да гэтага рабілі рэдка, а пацыенты былі вымушаныя стаяць у чарзе на перасадку органаў за мяжой, часцей за ўсё — у Беларусі.

Беларусь уваходзіць у топ-20 краін па перасадцы органаў. Напрыклад, першая аперацыя па трансплантацыі печані ў краіне прайшла ў 2008 годзе, сэрца — у 2009-м. У 2015 годзе беларускія дактары ўпершыню зрабілі аперацыю па перасадцы лёгкага, у 2016-м — комплексу "сэрца — лёгкія". Такія аперацыі пастаўленыя на паток. Напрыклад, у 2019 годзе ў краіне выкананы 374 трансплантацыі ныркі, 52 перасадкі сэрца, 93 аперацыі па трансплантацыі печані, 9 перасадак лёгкіх.

Пакуль Мінздароўя Украіны запусціла пілотны праект з удзелам 24 бальніц, дзе ўжо робяць перасадкі органаў. "Грамадскае" разбіралася, колькі каштуюць такія аперацыі, як можна развіць культуру донарства органаў ва Украіне і чаго па-ранейшаму не стае ўкраінскай сістэме трансплантацыі, каб яна "дагнала" Беларусь.

Прэзумпцыя нязгоды

За час незалежнасці ўкраінскія хірургі правялі ўсяго 2,5 тысячы трансплантацый пры патрэбе 5 тысяч у год. Для параўнання: толькі за 2019-ы ў Францыі выканалі 5910 трансплантацый, у Іспаніі — 5449, у Беларусі ў суме — 531. Большая частка гэтых перасадак была выкананая не ад жывых донараў, гэта так званыя трупныя трансплантацыі, калі выкарыстоўваюць органы памерлага чалавека.

Ва ўсіх гэтых краінах дзейнічае прэзумпцыя згоды: кожны грамадзянін аўтаматычна згаджаецца з тым, што пасля смерці ён можа стаць донарам, калі не напісаў адмову. Такая сістэма дазваляе дактарам не пытацца дазволу ў сваякоў памерлага, каб выняць і перасадзіць яго органы. "Адмоўнікаў" уносяць у спецыяльны рэестр.

Ва Украіне, наадварот, дзейнічае прэзумпцыя нязгоды — калі пасля смерці чалавек па змоўчанні не згодны быць донарам органаў і дазвол на гэта могуць даць толькі яго сваякі. На практыцы гэта здараецца рэдка. Адна з прычын — адсутнасць у грамадстве культуры гэтага віду донарства.

Пасля змяненняў у заканадаўстве кожны ўкраінец зможа афіцыйна заявіць пра сваю згоду стаць донарам органаў пасля смерці.

Львоўская клінічная бальніца, пры якой створаны цэнтр транспланталогіі / Анастасія Уласава / hromadske

У 2018-м у Вярхоўнай Радзе прынялі закон "Аб ужыванні трансплантацыі анатамічных матэрыялаў чалавеку", які павінен быў урэгуляваць гэту сферу. Ён прадугледжваў прыжыццёвую згоду донара на перасадку пасля смерці: меркавалася, што са студзеня 2019-га запрацуе Адзіная дзяржаўная інфармацыйная сістэма, свайго роду "банк органаў", дзе будуць звесткі пра людзей, гатовых стаць донарамі, і пра пацыентаў. Адзнака пра дачу згоды або нязгоды на пасмяротнае донарства па жаданні павінна была ўносіцца ў пашпарт грамадзяніна Украіны ці правы кіроўцы.

Энтузіясты ад медыцыны

Але ўкраінская сістэма аховы здароўя аказалася не гатовая да перамен: трансплант-каардынатараў за два гады пасля прыняцця закона навучыць не паспелі. Толькі ў верасні 2020 года Кабмін прыняў рашэнне стварыць цэнтр трансплант-каардынацыі пры Мінздароўя, задача якога — арганізаваць працу з бальніцамі, у якіх ёсць ліцэнзія на перасадку органаў і касцявога мозгу.

Яшчэ адна праблема — нястача абсталявання для дыягностыкі смерці мозга — газааналізатараў. Ва ўсім свеце поўная смерць мозга — галоўны крытэр, на які арыентуюцца дактары, бо пасля гэтага ў памерлага яшчэ некаторы час могуць падтрымліваць кровазварот, дыханне і іншыя працэсы, якія можна трактаваць як прыкметы жыцця. Але ва ўкраінскіх рэанімацыях гэтая працэдура пакуль не стала звыклай часткай працы дактароў.

"Калі мы спыталі ў бальніц: чаму вы гэтага не робіце, — у 80% выпадкаў нам адказалі, што ў іх няма абсталявання (газааналізатараў. — Рэд.). А ў 20% бальніц сказалі, што не хочуць гэтага рабіць. Маўляў, ніхто не робіць — і мы не будзем", — кажа заснавальнік грамадскай арганізацыі "Рух за трансплантацыю" Юрый Андрэеў.

Але генеральны дырэктар Дырэктарата высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі і інавацый Васіль Стрылка настроены аптымістычна. Ён лічыць, што дзякуючы ўсім гэтым пераменам Адзіную дзяржаўную інфармацыйную сістэму атрымаецца паўнавартасна запусціць з 2021-га. Пакуль жа пацыенты стаяць у лісце чакання кожнай медустановы, дзе ім імаверна могуць зрабіць аперацыю. І дазвол на перасадку органаў усё яшчэ залежыць ад сваякоў памерлага.

Пераліванне крыві ў цэнтры транспланталогіі пры Львоўскай клінічнай бальніцы / Анастасія Уласава / hromadske

"Кожны дзень у тысячах бальніц ёсць патэнцыйныя донары, якія маглі б выратаваць дзясяткі і сотні жыццяў. Але пакуль гэта ўсё трымаецца на энтузіязме дактароў", — кажа кіраўнік цэнтра транспланталогіі Львоўскай клінічнай бальніцы Максім Авечка.

Адзін з такіх энтузіястаў — Алег Самчук. Сёння ён кіруе Львоўскай клінічнай бальніцай хуткай дапамогі, а да нядаўняга часу працаваў у Ковелі. Менавіта там у канцы 2019-га пад яго кіраўніцтвам упершыню за 15 гадоў пацыенту перасадзілі сэрца. Гэта была трупная трансплантацыя, згоду на аперацыю далі сваякі памерлага.

Сёння львоўская бальніца — адна з 24 медустаноў, якія далучыліся да пілотнага праекта Мінздароўя Украіны.

"За гэты час мы зрабілі восем сямейных і пасмяротных перасадак нырак, адну перасадку падстраўнікавай залозы і дзве — сэрца", — расказвае пра свае дасягненні Алег Самчук.

Каманда львоўскай бальніцы спецыялізуецца на перасадцы нырак, таму на трансплантацыю астатніх органаў да іх прыязджаюць брыгады з іншых медустаноў.

Нястача трансплантолагаў — яшчэ адна праблема, якая стапарыць запуск рэформы, але яе дактары спрабуюць вырашаць сваімі сіламі, абменьваючыся досведам і падтрымліваючы калег.

Віктар Буркоўскі паказвае штам на грудзях — наступства перасадкі сэрца / Анастасія Уласава / hromadske

Сарваў джэкпот

Віктар Буркоўскі стаў трэцім пацыентам, якому за апошнія 15 гадоў ва Украіне перасадзілі сэрца. Яго аперавалі ў львоўскай бальніцы ў ліпені гэтага года, з трансплантацыяй калегам дапамаглі дактары кіеўскага Інстытута сэрца. У Кіеве Віктар абследаваўся і значыўся ў лісце чакання на перасадку. Тое, што ў свае 57 гадоў ён атрымаў другі шанц, — заслуга і дактароў, і пілотнага праекта, і збегу абставін.

Упершыню Віктар даведаўся пра тое, што ў яго хворае сэрца, калі праходзіў чарговую медкамісію. У 2014-м аказалася, што мужчына перахадзіў на нагах інфаркт. Доктар забараніў яму працаваць. У 50 гадоў Віктар, які ўсё жыццё быў машыністам і ўдзельнічаў у ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, пайшоў на пенсію.

Аднойчы ён захварэў на бранхіт, доўга не мог яго вылечыць, моцна кашляў. Калі здаў аналізы і зрабіў эхакардыяграфію сэрца, аказалася, што ў яго развілася ішэмічная кардыяміяпатыя: сэрца было павялічана ў тры разы, ён меў патрэбу ў перасадцы.

Гаворкі пра тое, каб аперавацца ва Украіне, не было. У бальніцах пераважна перасаджвалі органы ад роднасных донараў — ныркі або печань. Трупных трансплантацый рабілі толькі некалькі ў год. Пацыентаў звычайна адпраўлялі на аперацыі за мяжу — у Беларусь, Індыю, Турцыю ці Германію па дзяржаўнай праграме ад Мінздароўя "Лячэнне ўкраінцаў за мяжой".

У 2018-м Віктар стаў у чаргу на трансплантацыю сэрца ў Беларусі. Але за два гады яму так ні разу і не патэлефанавалі, хоць за гэты час у той жа бальніцы перасадзілі сэрцы больш як 30 украінцам.

Віктар Буркоўскі / Анастасія Уласава / hromadske

Надзея на новае сэрца раставала, а стан пагаршаўся. "Я не мог сам завязаць шнуркі, пачысціць зубы, падняцца на пяты паверх, спаў у крэсле седзячы, абклаўшыся падушкамі", — успамінае ён.

У ліпені Віктару патэлефанавала яго доктарка і спытала, ці гатовы ён ехаць на аперацыю ў Львоў. Праз некалькі гадзін Віктар з жонкай і братам былі ў клінічнай бальніцы хуткай дапамогі: "Я памятаю, як мяне завезлі ў аперацыйную, дзе побач ляжаў донар. А далей пачала дзейнічаць анестэзія".

Віктар ведае, што донар быў яго равеснікам, працаваў на будоўлі, дзе ўпаў з вышыні.

У рэанімацыі дактары канстатавалі ў мужчыны смерць мозга, але астатнія органы яшчэ працавалі, таму ён мог стаць патэнцыйным донарам і выратаваць яшчэ тры жыцці. Маці і сястра памерлага далі дазвол на трансплантацыю.

"Дактары казалі, што я сарваў джэкпот. Такое рэдка бывае, каб у донара і рэцыпіента, акрамя групы крыві, супадалі і рост, і вага, і ўзрост, ну ўсё!" — кажа ён.

Віктар стаў адным з першых пацыентаў, якія атрымалі новае сэрца дзякуючы тым зменам, якія пачалі ўкараняць ва Украіне. Калі б не пілотны праект, магчыма, мы б з ім не сустрэліся: пасля перасадкі дактары сказалі, што яму заставалася жыць тры месяцы.

"У мяне няма старых дакументаў, — прызнаецца ён. — Даведкі, заключэнні дактароў і медыцынскую картку я спаліў адразу пасля аперацыі. Завёў усё новае. Вырашыў: новае сэрца — новае жыццё".

Віктар Буркоўскі паказвае кардыяграму / Анастасія Уласава / hromadske

Лячыцца дома

Адладжаная сістэма трансплантацыі ва Украіне магла б ратаваць нашмат больш жыццяў, а таксама эканоміць бюджэтныя сродкі, бо ўвесь гэты час за перасадку органаў дзяржава плаціла замежным клінікам. А расцэнкі там год ад году растуць.

У 2019-м на праграму "Лячэнне ўкраінцаў за мяжой" з дзяржаўнага бюджэту выдзелілі 1,89 мільярда грыўняў (каля $67 мільёнаў). Больш за 90% з гэтых сродкаў пайшлі на аплату аперацый па трансплантацыі органаў і касцявога мозгу. Беларусь за перасадку органаў 253 украінцам атрымала з гэтых сродкаў $15 мільёнаў — самую вялікую суму з 2016 года.

Па тарыфе, зацверджаным украінскім Міністэрствам аховы здароўя, Віктару Буркоўскаму ў Львове зрабілі аперацыю коштам каля 600 тысяч грыўняў ($21,1 тыс.) — аперацыі па перасадцы органаў ва Украіне платныя, іх аплачвае дзяржава. У Беларусі такая аперацыя для замежнікаў будзе каштаваць у пяць разоў даражэй.

Па словах Алега Самчука, іх бальніца нядаўна атрымала грошы за ўсе раней праведзеныя аперацыі. Так, нырка каштавала 330 тысяч грыўняў ($11,6 тысячы), печань была 800 тысяч ($28,2 тысячы), а павінна стаць каля 2 мільёнаў грыўняў ($70,6 тысячы). Падстраўнікавая залоза — 1 мільён грыўняў ($35,3 тысячы). "Гэтыя сродкі застануцца на зарплаты дактарам і на фінансаванне бальніц ва Украіне. Мы павінны перастаць фінансаваць замежныя бальніцы", — кажа Самчук.

І ўсё ж, дарагоўля трансплантацый за мяжой — не самая вялікая праблема. Рэч у тым, што не ўсе пацыенты могуць дачакацца донара. Яны паміраюць, стоячы ў лістах чакання; бывае, і пасля таго, як Мінздароўя пералічвае грошы на іх трансплантацыю. Звычайна ў такой сітуацыі грошы застаюцца на рахунку бальніцы для іншых пацыентаў з Украіны.

"У 2018–2019 гадах мы пералічылі грошы ў Беларусь на лячэнне нашых пацыентаў. Больш за 250 чалавек да гэтага часу стаяць у лісце чакання", — расказвае Васіль Стрылка.

Надзеі Каламіец рабілі аперацыю па перасадцы ныркі ў Беларусі ў 2015 годзе / Анастасія Уласава / hromadske

35-гадовай Надзеі Каламіец рабілі аперацыю па перасадцы ныркі ў Беларусі ў 2015 годзе. Яна заплаціла за яе сама. "У нас з братам была прыроджаная хвароба нырак. У дзяцінстве яна нас не турбавала. А ў старэйшым узросце мы пачалі хварэць. Калі брат памёр, я зразумела, што тое самае можа чакаць і мяне", — расказвае Надзея.

Сваякі для трансплантацыі не падышлі. Яна пачала хадзіць на дыяліз, працэдуру ачысткі крыві. Кожны раз, успамінае яна, гэта была барацьба: каб ёй паставілі старанна прадэзынфікаваны пасля папярэдняга пацыента апарат, каб медсёстры ўсё зрабілі правільна, каб іголкі былі тонкія. І так чатыры гады, пакуль Надзеі не патэлефанаваў доктар з Мінска. За час, пакуль яна стаяла ў чарзе, кошт вырас амаль удвая — з $30 да $65 тысяч. "Мы знайшлі гэтыя грошы, але гэта было вельмі цяжка. Гэта быў значны фінансавы ўдар для нашай сям'і", — кажа Надзея.

З кожным годам расце не толькі кошт аперацый, у замежных клініках бяруць усё менш замежнікаў і ў першую чаргу аперуюць сваіх. Сёлета, паводле інфармацыі Мінздароўя, у Індыі ўкраінцам перасадзілі толькі два лёгкія разам з сэрцам. А ў 2019 годзе там зрабілі сем трансплантацый сэрца, у 2018-м — 12, а ў 2017-м — 10 аперацый.

Культура донарства

Па словах актывістаў, у СМІ ўсё радзей з'яўляюцца матэрыялы пра чорную транспланталогію, гэта тэма перастае быць "страшылкай". Заснавальніца грамадскай арганізацыі IDonor Ірына Заславец мяркуе, што ўкраінцы гатовыя да донарства: "Паводле апытання, якое праводзіла сацыялагічная група "Рэйтынг" у 2018 годзе, амаль 63% украінцаў адказалі, што падтрымліваюць прыняцце закона аб трансплантацыі. Гэта натхняе. Пакуль у нас не працуе адзіная сістэма, мы павінны абдумаць, прыняць рашэнне для сябе і агучыць яго сваім родным — хочам мы пасля смерці стаць донарам для іншых людзей ці не", — кажа Заславец.

"Калі справа даходзіць да гэтага цяжкага этапу — размовы з роднымі (пра выманне органаў пасля смерці блізкага) — у большасці выпадкаў яны гатовыя дапамагчы. Калі яны чуюць, што, нягледзячы на іх гора, яны (сваякі. — Рэд.) могуць выратаваць адно-два-тры жыцці, то згаджаюцца", — кажа Максім Авечка.

У свеце прынята ацэньваць узровень пасмяротнага донарства органаў па колькасці згодных на 1 мільён чалавек. Сярод 50 самых актыўных краін — Іспанія, чый падыход у СААЗ лічаць узорным. Там на 1 мільён грамадзян у 2019-м было 49,6 донара органаў. У Германіі гэты паказчык складае ўсяго 11,2 на 1 мільён. Ва Украіне — 0,1.

Іспанія, поспех якой вывучаюць многія краіны і які ў сусветнай транспланталогіі атрымаў назву "іспанская мадэль", ішла да такога паказчыка не адзін дзясятак гадоў. Закон аб трансплантацыі там з'явіўся ў 1979 годзе. Але ў наступныя 10 гадоў гэта не прынесла асаблівых вынікаў. І толькі ў 1989-м была створана Нацыянальная арганізацыя па транспланталогіі, уведзена пасада трансплант-каардынатараў. Большасць гэтых спецыялістаў былі дактарамі і медсёстрамі. Менавіта дзякуючы іх працы ў бальніцах і клініках, уменню выбудоўваць зносіны са сваякамі памерлага, якія, нягледзячы на прэзумпцыю згоды, маюць права забараніць выманне органаў, сістэма трансплантацыі пачала працаваць. Як вынік — рост пасмяротнага донарства органаў, і з кожным годам гэты паказчык у краіне расце.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі