Фота Еўрарадыё
Месяц таму супрацоўнікі МНС праверылі, як у беларускіх гіпермаркетах, кінатэатрах і гандлёвых цэнтрах выконваюцца правілы супрацьпажарнай бяспекі. Па выніках была складзеная карта парушэнняў. Са сталічных крам больш за ўсё прэтэнзій у МНС да ГУМа і да гандлёвага дома "На Нямізе"
У ГД "На Нямізе", напрыклад, не спрацоўвала пажарная сігналізацыя і абвесткі пра пажар, шляхі эвакуацыі былі застаўленыя мэбляй, пры правядзенні эвакуацыі наведвальнікі і персанал не пакінулі памяшканне, у гандлёвых залах адсутнічалі планы эвакуацыі на паверхах. Праз месяц пасля праверак Еўрарадыё завітала, каб даведацца, як адміністрацыя выпраўляе парушэнні.
Пасля доўгіх угавораў, намеснік гендырэктара па будаўніцтве ГД "На Нямізе" Юрый Зелянко распавёў Еўрарадыё, чаму ў будынку ратавальнікі знайшлі так шмат парушэнняў:
"Шляхі эвакуацыі загрувашчаныя... Ну, гэта ўсё мы прыбралі. З нагоды таго, што эскалатары працавалі падчас эвакуацыі... Яны ў нас 1992 года, у Луганскай вобласці рабілі. У іх проста не прадугледжаная сістэма чатырох блакіровак, адна з якіх адказвае за спыненне эскалатара пры пажары. Цяпер яны выведзеныы з эксплуатацыі".
Супрацоўнікі МНС заўважылі, што ў гандлёвых залах няма планаў эвакуацыі людзей. Юрый Зелянко задаецца пытаннем — куды ў паніцы будуць бегчы людзі ў выпадку пажару? І сам адказвае: туды, адкуль і выйшлі.
"Так, у залах няма планаў эвакуацыі. А куды іх вешаць? Столі тут высокія, не павесіш. А хто іх будзе разглядаць на ўваходзе? Ды і навошта людзей весці ў калідоры для персаналу, якія і з'яўляюцца шляхамі эвакуацыі? Яны ўсё роўна пабягуць у асноўны выхад. У нас, дарэчы, 12 выхадаў і ўваходаў. І наогул, у нас вокны паўсюль. Можна выбіць, калі што".
У прэтэнзіях МНС быў пункт пра тое, што персанал і наведвальнікі не эвакуіраваліся і працягвалі знаходзіцца ў будынку. Больш за тое, пажарная сігналізацыя не спрацавала, людзі пачулі апавяшчэнне аб эвакуацыі.
“Мы эвакуіраваліся за сем хвілін! Ну так, не спрацавала. Справа ў тым, што ў нас цяпер у рамонце дзве платы, якія адказваюць за сістэму абвесткі, сігналізацыю, — распавядае Юрый Зелянко. — Літаральна на днях забярэм з рамонту, і ўсё будзе працаваць. А тое, што людзі не выходзілі, дык вы ўявіце сабе, што вы прымерылі кофтачку, а вас вымушаюць выходзіць. А тавар трэба пакідаць! Або калі вы на касе з кошыкам прадуктаў стаіце. Людзі адмаўляліся пакідаць і выходзіць”.
Далей ідзём у гандлёвыя залы — паглядзець на пажарныя краны і вогнетушыцелі. У акце ратавальнікі ўказалі, што да іх быў ускладнены доступ — занадта блізка стаяў тавар. Цяпер, па словах Зелянко, усё ўжо выправілі.
Еўрарадыё: А дзе ў вас вогнетушыцелі?
“Яны стаяць на кожнай касе”, — запэўнівае намеснік гендырэктара, але замест таго, каб паказаць, ідзе да канца залы. Там ён звяртаецца, мяркуючы па ўсім, да адміністратара залы з просьбай паказаць нам пажарнае абсталяванне. Жанчына кажа, што вогнетушыцелі знаходзяцца ў пажарных кранах. Але Юрый Зелянко, нервуючыся, настойвае на тым, што яны ўсё ж такі стаяць на касах.
Мы ідзем да касы, але... вогнетушыцеля там няма. Як і на наступных некалькіх касах. Адміністратар вырашае патэлефанаваць калегу. "Расціславаўна, а дзе ў нас вогнетушыцелі? — пытаецца яна, і амаль адразу ж выкрыквае. — Я ж казала, што ў пажарных кранах!" Там мы ўсё ж такі знаходзім вогнетушыцель і паспяхова завяршаем квэст.
Ці гатовы гандлёвы дом "На Нямізе" да пажару? Мяркуючы па тым, што мы ўбачылі, не вельмі. Але якая розніца, калі персанал ГД упэўнены, што ў выпадку эвакуацыі ніхто не захоча пакінуць добрую кофтачку або кошык з таварамі і выйсці з залы?
Па словах прадстаўнікоў МНС, тэрмін на выпраўленне парушэнняў у ГД "На Нямізе" яшчэ ёсць. Больш за тое: дэкрэт №7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" забараняе мучыць бізнес праверкамі, таму наступная інспекцыя прыйдзе туды не хутка. Хочацца верыць, што да таго часу і платы з рамонту вернуцца, і вогнетушыцелі на касах з'явяцца.