Дваіх беларускіх лёгкаатлетаў Аніса Ананенку і Алену Матошка дыскваліфікавалі за допінг. Такую інфармацыю падае сайт Міжнароднага алімпійскага камітэта. Рашэнне аб санкцыях прынялі пасле пераправеркі пробаў, узятых на Алімпіядзе 2012 года ў Лондане.
Бягун Аніс Ананенка ўдзельнічаў у забегу на 800 метраў і заняў 43-е месца. У яго крыві знайшлі дэгідрахлорметылтэстастэрон. Раней спартсмена пакарала Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва — летам 2015 года ў яго выявілі генны допінг GW 1516.
Кідальніца молата Алена Матошка заняла на Гульнях у Лондане 25 месца, у яе арганізме знайшлі аксандралон.
Цяпер вынікі выступу гэтых атлетаў на Алімпіядзе-2012 года будуць ануляваныя.