Другі раз за месяц: у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" знікла святло

29/09/2019 - 11:28

У Нацыянальным аэрапорце Мінск на некалькі гадзінаў знікала святло. Электрычнасць адключылася пасля 4-й раніцы і толькі пасля 9-й праца транспартнага прадпрыемства была цалкам адноўленая.

Праз адключэнне электрычнасці не праводзілася рэгістрацыя, дагляд і пасадка пасажыраў на начныя рэйсы. Сітуацыя закранула ваосем бартоў, усе яны вылецелі з Мінска са спазненнем. Затрымліваюцца таксама рэйсы ў Мінск, якія павінны выконваць гэтыя барты.

Ноччу некаторыя пасажыры скардзіліся, што ім не прапаноўвалі пітную ваду і недастаткова інфармавалі пра прычыны здарэння. Спрацавала пажарная сігналізацыя, хоць узгаранняў не было.

У канцэрне "Белэнэрга" заяўляюць, што высакавольтныя лініі 110 кВ і абсталяванне падстанцыі "Аэрапорт", якія належаць РУП "Мінскэнерга", працавалі без збояў, а адключэнні электраэнергіі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" звязаныя з тэхнічнымі непаладкамі на энергетычным абсталяванні, якое належыць аэрапорту.

Падобны інцыдэнт здарыўся літаральна два тыдні таму, 13 верасня, калі позна ўвечары ў мінскім аэрапорце на 45 хвілінаў адключылася святло.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі