Вышка мабільнай сувязі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Апошнія дронавыя ўдары Расіі па захадзе Украіны каардынаваліся праз рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
"Мы бачым, што Беларусь не спыняе падтрымліваць краіну-тэрарыстку, паколькі нават гэтыя паветраныя ўдары, якія тычыліся Роўненскай, Валынскай і Львоўскай абласцей, — усё гэта таксама забяспечвалася фактычна з тэрыторыі Беларусі, бо паветраныя сродкі, якія запускала Расія, яны падсілкоўваліся сігналам таксама праз рэтранслятары, якія знаходзіліся менавіта на тэрыторыі гэтай краіны", — сказаў Дземчанка.
Ён дадаў, што Украіна не заўважае, каб у Беларусі нарошчвалісія ўдарныя групоўкі на мяжы з Украінай. Аднак агульная пагроза застаецца. У ліку пагроз ён назваў выкарыстанне рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі.
У чэрвені Уладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень для адключэння рэтранслятараў. У адваротным разе, заявіў ён, Украіна знішчыць іх сама. Праз некалькі дзён Зяленскі паведаміў, што беларускі бок адключыў рэтранслятары.
У сярэдзіне ліпеня дарадца міністра абароны Украіны Сяргей "Флэш" Бяскрэстнаў дапусціў, што Расія можа перыядычна выкарыстоўваць рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі. А на мінулым тыдні начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Алег Івашчанка заявіў пра аднаўленне працы рэтранслятараў у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут