Дональд Трамп на год працягнуў санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі

11/06/2020 - 18:27

11 чэрвеня прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп працягнуў на адзін год санкцыі супраць кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і некаторых былых кіраўнікоў, паведамляе прэс-служба Белага дома. Адзначаецца, што "дзеянні і палітыка некаторых чальцоў урада Беларусі ды іншых асоб па-ранейшаму ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША".

Амерыканскія санкцыі дзейнічаюць з 2006 года, пасля прызнання прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне недэмакратычнымі, і штогод працягваюцца. Вядома, што летась у "чорным спісе" былі 10 чалавек: дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, яго старэйшы сын, памочнік па пытаннях нацыянальнай бяспекі Віктар Лукашэнка, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман, а таксама Віктар Галаванаў, Дзмітрый Паўлічэнка, Аляксандр Зімоўскі, Сцяпан Сухарэнка, Уладзімір Навумаў і Наталля Пяткевіч.

ЗША ўводзілі санкцыі і супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Аднак выхад на волю палітвязняў у 2015-м і два дэмакратычныя кандыдаты, якія ў тым годзе трапілі ў Палату прадстаўнікоў, паўплывалі на іх прыпыненне.  

У апошнія гады дачыненні Беларусі і ЗША паляпшаюцца. У пачатку года нашу краіну наведаў дзяржсакратар Майк Пампеа, гэтым летам прыедзе новы амерыканскі амбасадар, пачала пастаўляцца нафта са Злучаных Штатаў. Аднак наперадзе чарговыя выбары і пытанне санкцый можа быць актуалізавана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі