Доктар у Познані выдаліў беларусцы матку і яечнікі без яе згоды

02/03/2026 - 11:02

Аперацыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Польскага лекара ў Познані будуць судзіць за аперацыю, пасля якой беларуска стала бясплоднай. Сам мужчына кажа, што ратаваў жанчыну ад раку. На гэтую гісторыю ў польскіх СМІ звярнула ўвагу выданне MOST.

У красавіку 2024 года 24-гадовая Вікторыя звярнулася да сямейнага лекара, бо ўжо два тыдні адчувала боль у жываце. Доктарка адправіла беларуску на тэрміновы прыём у гарадскую бальніцу. УГД паказала змена яечнікаў. Вікторыю шпіталізавалі, а на наступны дзень лекар Дарыюш С. зрабіў ёй аперацыю.

Пра тое, што ёй выдалілі матку і абодва яечнікі, беларуска даведалася пры выпісцы. Цяпер яна не можа мець дзяцей. Але неўзабаве выявілася, што такой аперацыі можна было пазбегнуць.

Паведамляецца, што рашэнне пашырыць аб'ём аперацыі лекар прыняў прама падчас аперацыі. Ён выдаліў адзін яечнік і перадаў на даследаванне ў Вялікапольскі цэнтр анкалогіі. Даследаванне займае да дваццаці хвілін, а яго вынікі могуць выкарыстоўвацца пры прыняцці рашэння падчас аперацыі. Але хірург выдаліў беларусцы другі яечнік і матку, не чакаючы адказу з лабараторыі.

У каментары СМІ ён сказаў, што падчас аперацыі заўважыў карціну, характэрную для запушчанага рака. Без аперацыі, на яго думку, пацыентка магла б памерці на працягу некалькіх тыдняў.

Праз чвэрць гадзіны пасля аперацыі доктару затэлефанавалі з лабараторыі цэнтра анкалогіі і паведамілі, што пухліна першага выдаленага яечніка — дабраякасная. Аднак пазней больш дэталёвае даследаванне паказала пухліну з нізкай ступенню злаякаснасці. У такім разе пацыентка мае амаль 100% верагоднасці выжыць на працягу пяці гадоў.

Пасля аперацыі Вікторыя пайшла з медыцынскай дакументацыяй да юрыста. Той паведаміў пра ўсё ў пракуратуру. Там палічылі, што аперацыя была неабгрунтаванай і доктар унёс у меддакументы не адпаведныя рэчаіснасці сцвярджэнні. Таксама высветлілася, што пацыентка не падпісала згоды на аперацыю ў той форме, у якой яна была праведзеная.

У лістападзе 2025-га Дарыюша С. абвінавацілі ў ненаўмысным прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а пазней перакваліфікавалі ў наўмыснае. Вікторыя кажа, што хірург не выбачыўся перад ёй.

Пасля выстаўлення абвінавачання Дарыюш С. застаўся на волі і працягвае працаваць у клініцы. Калі суд прызнае яго вінаватым, хірургу пагражае ад 3 да 20 гадоў пазбаўлення волі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі