Дэпутатка Канапацкая стварае фонд для пацярпелых падчас мірных вулічных акцыяў

17/03/2017 - 17:52

Апазіцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая (Аб'яднаная грамадзянская партыя) абвясціла, што стварае Фонд дапамогі пацярпелым падчас мірных вулічных акцый. Такое рашэнне яна прыняла ў сувязі з апошнімі падзеямі ў краіне, калі пачаўся жорсткі пераслед удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту супраць дэкрэту №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". 

"Улада стрымлівалася да апошняга, але зноў сарвалася ў балота брутальных арыштаў і неадпаведнага ўжывання сілы. За ўдзел у мірных акцыях пратэсту толькі актывісты АГП былі падвергнутыя несправядлівым адміністрацыйныя пакаранням у выглядзе арыштаў і штрафаў у памеры больш за 5000 рублёў. Улада замест разумнага дзеяння адмены дэкрэта зноў ўстала на тупіковы шлях запалохвання і пакарання сваіх грамадзян", — заявіла Канапацкая на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Таму яна прапанавала збіраць грошы на выплату штрафаў, на якія асудзілі ўдзельнікаў мірных шэсцяў. Дэпутатка паабяцала штотыдзень даваць на сваёй старонцы ў Фэйсбуку справаздачы наконт руху грошай. Па завяршэнні працы гэтага фонду ўсе астатнія грошы будуць перададзеныя дзіцячаму дому.

"Для ажыццяўлення грашовага пераводу ў беларускіх рублях неабходна звярнуцца ў любое аддзяленне ААТ "Пріорбанк", назваць касіру імя атрымальніка (Канапацкая Ганна Анатольеўна), дату нараджэння 26 кастрычніка 1976 года і апошнія чатыры лічбы карты 2326. Таксама можна зрабіць перавод (у любой валюце) праз міжнародную аплатную інтэрнэт-сістэму PayPal мойму памочніку (атрымальнік denis.tikhonenko@gmail.com) і на разліковы рахунак (у беларускіх рублях) Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП, вул.В.Харужай 22, офіснае памяшканне №38, 220123, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь. Р/р 3015012143814 у аддзяленні №538 ААТ "Белінвестбанк", г.Мінска, код банка 153001739, УНП 100265067, прызначэнне плацяжу "Салідарнасць")", — дае інструкцыю апазіцыйная дэпутатка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі