Дэмакратызацыя ў Беларусі адбудзецца хутчэй, калі Украіна дапаможа

13/04/2022 - 15:56

Калі Украіна надасць значную міжнародна-палітычную вагу Беларусі і будзе патрабаваць вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, гэта падштурхне рэжым Лукашэнкі да дэмакратызацыі, лічыць палітолаг Андрэй Ягораў

Калі вайна скончыцца дастаткова хутка і Беларусь апынецца за ніжэйшым плотам, чым Расія, то гэтыя працэсы [па дэмакратызацыі. — Еўрарадыё] будуць бачныя дзесьці напрыканцы гэтага года.

Аднак калі Беларусь не будуць ізаляваць так моцна, як Расію, і Захад пойдзе на зняцце санкцый, то і дэмакратызацыя павінна быць не касметычная.

Нам трэба казаць не толькі пра [рэабілітацыю. — Еўрарадыё] палітвязняў, але ўвогуле пра ўсіх людзей, абвінавачаных па палітычных матывах. Уключна з тымі, хто быў вымушаны эміграваць па палітычных матывах. Такія людзі, як я, як вы [Зміцер Лукашук. — Еўрарадыё], якія з’ехалі з краіны пад пагрозай крымінальнага пераследу, павінны таксама мець магчымасць вярнуцца. То-бок гэта мусіць закранаць у прынцыпе ўвесь гэты палітычны актыў.

Гэта значыць, што трэба будзе вярнуць магчымасць незалежным СМІ працаваць у Беларусі, дазволіць аднавіць недзяржаўныя арганізацыі, якія былі закрытыя і прызнаныя экстрэмісцкімі.

Або даць ім магчымасць перарэгістравацца пад новай назвай. То-бок тут ёсць тое, з чым можна таргавацца. З чым нельга таргавацца — гэта толькі па фармальных крытэрах лічыць палітычнымі вязнямі і выпускаць з-пад увагі больш шырокае кола рэпрэсаваных людзей уключна з палітычнай эміграцыяй.

Усе мы, палітычна актыўныя, закладнікі гэтага рэжыму. І калі ўжо ісці на абмен, то ўсіх палітычных закладнікаў, уключна з палітзняволенымі, абмежаванымі ў правах, медыямі, палітычнымі эмігрантамі і гэтак далей, трэба мяняць на зняцце санкцыяў і частковую лібералізацыю сітуацыі ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі