Дэфіцыт бюджэту становіцца хранічным: браць даўгі і прадаваць прадпрыемствы?

07/12/2021 - 15:50
Чым даўжэй у Беларусі дэфіцыт бюджэту, тым складаней з яго выбірацца / pexels.com

У Беларусі вялікія праблемы з фінансамі і добрых варыянтаў вырашэння праблем няма. Дзяржаўны бюджэт у 2022 годзе зноў плануецца з дэфіцытам. Гэта будзе ўжо трэці дэфіцытны год.

Тут "няма нічога катастрафічнага", проста "не ўсе ведаюць прынцыпы работы дзяржаўных фінансаў", заявіў прэм'ер Раман Галоўчанка ў эфіры дзяржТБ.

Мы папрасілі аналітыка "Кошту Урада" расказаць, як жа працуюць дзяржфінансы і чаму залатваць дзіркі давядзецца за кошт крэдытаў, спаду эканамічнага росту або растрат рэзерваў.
 

Дэфіцыт і прафіцыт небяспечныя інфляцыяй

У ідэале бюджэт дзяржавы павінен быць збалансаваны, гэта значыць расходы павінны раўняцца даходам. Калі расходы большыя за даходы, то атрымліваецца дэфіцыт бюджэту. Калі наадварот, то выходзіць прафіцыт.

 

Пры збалансаваным бюджэце даходы адпавядаюць расходам / pexels.com

Занадта вялікі дэфіцыт або прафіцыт — гэта дрэнна.

Разгледзім, здавалася б, самы добры варыянт, калі мы зарабляем больш, чым трацім. З'яўляюцца свабодныя грошы. Але ва ўмовах эфектыўнай эканомікі грошы павінны працаваць, а для гэтага расходавацца. Калі мы ўводзім грошы ў абарот, ствараем актывы, плацім заработныя платы. Гэта больш карысныя расходы для эканомікі, чым невыкарыстоўваныя даходы, якія ляжаць мёртвым грузам, — расказвае аналітык "Кошту Урада".

Калі ўліваць грошай у эканоміку занадта шмат, то расце інфляцыя. Яна расце і пры вялікім дэфіцыце бюджэту, як у Беларусі.

У Беларусі няма магчымасці бязбольна падтрымліваць дэфіцыт / Еўрарадыё

Праблема ў тым, што некаторыя краіны могуць сабе дазволіць жыць з высокім дэфіцытам бюджэту, напрыклад ЗША, Японія ці многія краіны Еўропы. Беларусь не можа. Калі ўлады спрабуюць вырашыць пытанне дэфіцыту бюджэту, з'яўляюцца сур'ёзныя праблемы.

Часовы дэфіцыт бюджэту эканоміка пераварыць больш-менш нармальна. Калі ён перарастае ў хранічны, пачынаецца абсалютна іншая гісторыя. Пытанне ў тым, як кіраваць бюджэтным дэфіцытам. Можна элементарна надрукаваць грошы. Але вырашаючы бягучую праблему дэфіцыту, мы атрымліваем іншую — больш высокую інфляцыю.

Нацбанк можа ўліць у эканоміку пэўны аб'ём сродкаў, каб гэта не моцна паўплывала на рост цэн, што мы цяпер і бачым.

Цалкам пакрываць дэфіцыт бюджэту надрукаванымі грашыма азначае зрабіць інфляцыю непрадказальнай.

Другі спосаб — пакрыць дэфіцыт за кошт росту даходаў. Напрыклад, падаткаў. Дзяржава імкнецца адшукваць любыя магчымасці падвысіць падаткі. Прыгожа гэта называюць, напрыклад, "падвышэннем ступені ўдзелу прадпрымальнікаў у эканоміцы" або "выраўноўваннем умоў падаткаабкладання". Але як ні называй такія дзеянні, яны ўсё роўна робяць толькі больш важкім і без таго немалы падатковы цяжар для бізнесу і насельніцтва, — кажа эксперт.

Трэці варыянт — прапарцыйнае зніжэнне ўсіх расходаў.

Большую частку бюджэтных выдаткаў складаюць сацыяльныя расходы / Еўрарадыё

Гэтага не будзе ў Беларусі, таму што многія артыкулы бюджэту нельга рэзка скараціць. Напрыклад, сацыялка — вельмі балючая рэч. На зніжэнне расходаў тут можна пайсці, але гэта крайні выпадак. Гэта выклікае сацыяльнае напружанне. Таму пакуль дзяржава імкнецца адначасова выкарыстоўваць любыя іншыя спосабы эканоміі і падвышэння даходаў бюджэту: трошкі надрукаваць грошы ці павялічыць падаткі.
 

Крэдыты занадта дарагія і яшчэ больш абцяжарваюць бюджэт

Можна прафінансаваць дэфіцыт бюджэту за кошт даўгоў. Гэта значыць, пазычыць унутры краіны або на знешнім рынку. І тое, і другое для Беларусі балючае.

Калі вам упэўнена пазычаюць і вашы крэдыторы лічаць, што вы вернеце доўг, вам можа стаць выгадна жыць у доўг. Таму што адсоткавыя стаўкі для вас будуць нізкія, — працягвае эксперт "Кошту Урада".

Тады можна ўкладваць пазыковыя грошы ў эканоміку, развіваць яе і зарабляць больш, чым адсоткі па даўгах.

З нашай эканомікай гэта далёка не так. Нам пазычаюць даражэй, чым іншым краінам, таму што замежныя крэдыторы не ўпэўненыя ў нас.

Акрамя таго, цяпер Беларусь адрэзаная ад знешніх грашовых рынкаў, за выключэннем расійскага. Атрымаць грошы не ўдаецца нават у Кітаі, хоць улады вельмі хацелі б.

Нават на самае прывабнае дзяржпрадпрыемства цану будуць дыктаваць пакупнікі / Еўрарадыё

Па заяве Рамана Галоўчанкі, усё не так дрэнна, бо ёсць назапашаныя сродкі Мінфіна з тых гадоў, калі бюджэт быў прафіцытным.

Гэтая заначка не такая ўжо і вялікая. Калі бюджэт становіцца хранічна дэфіцытным, яе надоўга не хопіць, — адзначае суразмоўнік. — Мінфін трымае грошы на рахунках у Нацбанку альбо ў дзяржбанках. Адпаведна, калі ён будзе іх выкарыстоўваць, ён адбірае грошы з банкаў і зніжае магчымасць апошніх даваць камусьці крэдыт. Калі зніжаецца магчымасць крэдытаваць эканоміку, пра які эканамічны рост можа ісці гаворка? Бізнес развіваецца ў асноўным на крэдытных грашах.

Каб аблегчыць нагрузку на бюджэт, можна выкарыстоўваць золатавалютныя рэзервы для выплат па дзярждоўгу, але Нацбанку стане складаней згладжваць ваганні валютных курсаў.

Нацыянальны банк / Еўрарадыё

У ЗВР ёсць дастаткова вялікія сродкі ў валюце, якія можна хутка выкарыстоўваць. Бо яны не для таго, каб імі проста красавацца. Істотна адбіраць сродкі з ЗВР — значыць пахіснуць устойлівасць курсавой палітыкі. Гэта паўплывае на інфляцыю.

Крайні варыянт — продаж дзяржуласнасці. Улады Беларусі ўжо звярталіся да гэтага, калі справы з фінансамі былі дрэнныя. Напрыклад, прадалі "Белтрансгаз" і часткі пакетаў мабільных аператараў.

Але вялікае пытанне, хто цяпер купіць нават прамысловыя флагманы і па якой цане? Паводле ацэнак розных экспертаў, гэта не такія велізарныя грошы, нават у выпадку такога гіганта, як "Беларуськалій".

Фінансавы аналітык кампаніі Duff&Phelps Germany GmbH Максім Адаскевіч палічыў, што масавы продаж беларускіх дзяржпрадпрыемстваў прынёс бы ўсяго каля $10 млрд. Па выніках 2021 года плануецца дэфіцыт бюджэту 6,2 млрд рублёў. Гэта каля $ 2,4 млрд.

Калі ў вас вельмі абмежаваны выбар тых, каму вы можаце прадаць дзяржуласнасць, а сродкі вельмі патрэбныя, гэта будзе рынак пакупнікоў. За колькі вам прапануюць, за столькі і прадасце. Зноў жа, гэта крайнасці, і пакуль да гэтага не дойдзе, — працягвае эксперт "Кошту Урада".

На найбліжэйшы час павінна хапіць заначкі, пра якую сказаў Раман Галоўчанка. Акрамя таго, улады не пакідаюць надзеі знайсці грошы ў Расіі ці ў падкантрольных ёй фондах. Аднак праблем дэфіцыту бюджэту гэта не вырашыць.

Дэфіцыт з часовага становіцца хранічным, а гэта ўжо зусім іншая якасць бюджэту. Таму аргумент пра тое, што ёсць краіны, якія з гэтым жывуць гадамі, тут не працуе. Не відаць прычын, з якіх у будучыні сітуацыя з дэфіцытам бюджэту стане лепшай. Наадварот, відавочна, што нявызначанасці толькі нарастаюць. Давядзецца чымсьці ахвяраваць, дастаючы грошы з скарбонкі: затыкаць адны дзіркі, агаляючы пры гэтым іншыя, — робіць выснову суразмоўнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі