“Дата генератар”: 29 кастрычніка — Расстрэльная ноч

29/10/2019 - 09:39

Сёння 29 кастрычніка. У Беларусі ў гэты дзень згадваюць ахвяр палітычных рэпрэсій. Мы знаходзімся ў Курапатах, поруч з крыжом, які ў красавіку 2016 года ўсталявалі актывісты таварыства імя Вацлава Ластоўскага. Гэты крыж сімвалізуе нашу скруху па людзях, расстраляных у сталінскія часы.

Ён стаіць на ўзгорку, якому далі мянушку Галгофа, таму што вакол яго ў мностве масавых пахаванняў ляжаць парэшткі тысяч і тысяч беларускіх грамадзян — ахвяр камуністычных улад. Колькі іх тут — не ведае ніхто. У 90-я гады афіцыйна прызналі, што 30 тысяч, а на думку вольных гісторыкаў — у тры разы больш.

Чаму менавіта 29 кастрычніка?

Таму што уночы на 29 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях турмы НКУС (у сумна вядомай “Амерыканцы”) забілі 71 беларускага інтэлігента. 27 з іх былі літаратарамі. Астатнія — выкладчыкі вышэйшай школы, святары, інжынеры, прадстаўнікі творчых прафесій. Сярод забітых — Анатоль Вольны і Платон Галавач, Алесь Дудар і Міхась Зарэцкі, Тодар Кляшторны і Валер Маракоў, Янка Нёманскі і Васіль Сташэўскі, Міхась Чарот і Макар Шалай. У наступную ноч, з 29 на 30 кастрычніка, сталінскія каты забілі чарговую групу “ворагаў народа” — яшчэ 35 чалавек.

У 1990-я гады журналісты ў сваіх публікацыях аб’ядналі тыя два забойствы ў адно і назвалі гэту трагічную падзею “расстрэльнай ноччу”.

 

Серыйныя забойцы

Нам трэба ведаць і памятаць, што на працягу 17 месяцаў так званага Вялікага тэрору (з ліпеня 1937-га да лістапада 1938-га) у БССР кожны месяц забівалі ў сярэднім 590 чалавек. Даследчык камуністычных рэпрэсій Леанід Маракоў назваў той страшны час “крывавым тунэлем смерці”.

Але дзве кастрычніцкія ночы вылучаюцца са шматлікіх сотняў іншых такіх начэй забойстваў тым, што ахвярамі сталі адразу 106 беларускіх інтэлігентаў. Цвет беларускай нацыі.

 

Навошта іх забівалі?

Маскоўскае кіраўніцтва, у першую чаргу Сталін (генеральны сакратар кампартыі) і Молатаў (старшыня Савета народных камісараў), вельмі баялася, што ў будучай вайне Беларусь стане незалежнай. І каб гэтага не адбылося, яны вынішчылі амаль усіх інтэлектуалаў нашага народа. Вядомы даследчык Леанід Маракоў высветліў, што за 4 гады (1936–1939) чэкісты забілі або кінулі ў канцлагеры ці выслалі 81% беларускіх літаратараў (звыш 460 чалавек), 100% святароў (3000), кожнага трэцяга настаўніка (4000), каля 5000 інжынераў, эканамістаў, дырэктараў заводаў ды фабрык.

Гэта былі найлепшыя. Засталіся галоўным чынам прыстасаванцы, прайдзісветы, пакорлівыя выканаўцы загадаў “начальства”. Менавіта таму мяне абурае, што нашы кіраўнікі ўсіх узроўняў спрабуюць сцерці з народнай памяці злачынства сталінскіх катаў.

Спробы забыцця трагічнага мінулага небяспечныя тым, што дзяржава і грамадства, якія не робяць высноў з трагедый сваёй гісторыі, могуць ізноў скаціцца да масавых рэпрэсій. Калі які-небудзь новы вар'ят, падобны на Сталіна, дарваўшыся да ўлады, ізноў разгорне масавы тэрор, наш сялянскі народ канчаткова страціць магчымасць пераўтварыцца ў палітычную нацыю. І тады ад яго застанецца толькі насельніцтва, абыякавае да таго, каму належыць улада — беларусам ці чужынцам.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі