"Дата генератар": 25 сакавіка — Дзень Волі

25/03/2020 - 12:59

Як мы ведаем, у снежні 1917 года ў Менску адбыўся вельмі прадстаўнічы Усебеларускі з’езд. Большасць дэлегатаў выступала там за стварэнне аўтаномнай беларускай рэспублікі ў складзе Расійскай Федэрацыі. Магчыма, хто-небудзь і прапаноўваў абвясціць незалежнасць, аднак я ніколі не сустракаў згадак пра гэта. 

Тым не менш бальшавікі разагналі з’езд. Але дэлегаты паспелі абраць Раду з’езда. Пасля разгону з’езда сябры той Рады сабраліся нелегальна і, пакуль бальшавікі стваралі органы сваёй улады, абралі свой Выканаўчы камітэт.

 

Уночы з 20 на 21 лютага 1918 года ў Менск увайшлі нямецкія войскі, не сустрэўшы ніякага супраціву. Калі акупацыйныя ўлады даведаліся праз некалькі дзён, што тут дзейнічае нейкая група людзей, якія таксама прэтэндуюць на ўладу, — Выканаўчы камітэт, яны зачынілі яго штаб-кватэру, канфіскавалі касу (як быццам 300 тысяч царскіх рублёў, хаця адкуль яны ўзяліся — ніхто не ведае) і на тым супакоіліся.

А вось Выканаўчы камітэт не супакоіўся. У той самы дзень, 21 лютага, ён выдаў так званую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне часовага выканаўча-распарадчага органа Рады Усебеларускага з’езда пад назвай Народны сакратарыят Беларусі.

Праз два тыдні, 9 сакавіка, Народны сакратарыят выдаў Другую Устаўную грамату. У ёй былі абвешчаныя сацыялістычныя прынцыпы дзяржаўнага ўладкавання Беларусі: адмена прыватнай уласнасці на зямлю, лясы і нетры, 8-гадзінны працоўны дзень.

А 22 сакавіка ў Менск з Вільні цягніком прыехалі пяць чалавек — прадстаўнікі Віленскай Беларускай Рады на чале з братамі Луцкевічамі. У той жа дзень яны прынялі ўдзел у пасяджэнні Народнага сакратарыята Беларусі. На пасяджэнні абмяркоўвалі пытанне аб звароце да ўрада Украінскай Народнай Рэспублікі наконт грашовай пазыкі. Бо ўрад БНР (няхай сабе нікім пакуль і не прызнаны) меў вострую неабходнасць у грашах. І вось тут Антон Луцкевіч запытаў у прысутных: няўжо Украіна, якая абвясціла сваю незалежнасць у выглядзе УНР, дасць пазыку Беларусі, якая фармальна застаецца часткай Расіі? Дзе гэта чуваць, каб нейкая дзяржава давала пазыку самазванай адміністрацыі нейкай часткі іншай дзяржавы?

Першы Усебеларускі з'езд праходзіў у будынку Купалаўскага тэатра ў 1917 годзе

У Першай і Другой Устаўных граматах нічога не было сказана пра тое, што Беларусь робіцца самастойнай дзяржавай. Акрамя таго, немагчыма, каб Беларусь заставалася ў складзе Расіі, якая 3 сакавіка па ўмовах Брэсцкага міру аддала ўсю Беларусь пад уладу Нямеччыны. І тым самым адмовілася ад яе! Таму, каб атрымаць крэдыт, сказаў Луцкевіч, трэба і нам абвясціць незалежнасць.

І вось пад ціскам Луцкевіча сябры сакратарыята вырашылі, каб Рада сабралася ў нядзелю, 24 сакавіка, у 18 гадзін вечара ў будынку па вуліцы Серпухаўской, 9 (цяпер Валадарскага, 9).

Больш за тое, напярэдадні (23 сакавіка) з газет стала вядома, што кайзер Вільгельм ІІ прызнаў незалежнасць Летувы! Беларускія дзеячы ўзрадаваліся, пачалі цешыць сябе надзеяй, што цяпер кайзер прызнае і Беларусь, досыць толькі абвясціць сваю незалежнасць ад Расіі. Аднак яны забыліся ўважліва вывучыць усе пункты Брэсцкага трактата. А там было адзначана, што Нямеччына не прызнае незалежнасці новых дзяржаў на тэрыторыі былой Расійскай Імперыі, якія пра тое абвесцяць пасля 3 сакавіка!

У той час Рада, абраная на Усебеларускім з’ездзе, налічвала каля 80 чалавек. Большасць сярод іх складалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), астатнія былі з сацыялістычных партый нацыянальных меншасцяў (габрэяў, рускіх, палякаў). Аднак мы не ведаем, колькі чалавек прыйшло на пасяджэнне 24 сакавіка, бо пратаколы пасяджэнняў Рады за 1918 год згубленыя. Вядома, што пасяджэнне Рады цягнулася ўсю ноч і прайшло ў спрэчках. Супраць абвяшчэння незалежнасці выступілі палякі, рускія і габрэі.

 

Генерал-фельдмаршал Герман фон Эйхгорн у Менску, 1918 г.

Сяброў Рады, якія галасавалі супраць, можна было зразумець. Адны, напрыклад габрэі, не былі зацікаўлены ў новых незалежных дзяржавах, бо для іх гэта азначала разрыў сувязяў паміж габрэямі ўсёй Расійскай Імперыі. Іншыя баяліся палітычнай адказнасці, спасылаліся на тое, што дэлегаты Усебеларускага з’езда выступалі за аўтаномію ў складзе Расіі. І ўсё ж пасля 12 гадзін спрэчак каля 6 гадзін раніцы 25 сакавіка сябры Рады прынялі пастанову. Ізноў, дакладныя лічбы “за” і “супраць” невядомыя. Даводзілася сустракаць заявы, быццам прыхільнікі незалежнасці атрымалі ўсяго на два ці тры галасы больш, чым супраціўнікі. Гістарычная пастанова мела ўсяго адзін сказ:

“Рада пастанаўляе абвясціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняць Устаўную грамату”.

Аднак новай Устаўной граматы (ужо трэцяй па ліку) яшчэ не было. Таму ў 12 гадзін сябры Рады сабраліся ізноў, каб абмеркаваць праект граматы, які падрыхтаваў Антон Луцкевіч. Хто канкрэтна прысутнічаў на пасяджэнні, дакладна невядома. Тэкст граматы зацвердзілі за пару гадзін.

У той дзень, 25 сакавіка 1918 года, адзначалася вялікае свята — Дабравешчанне, якое ў расійскай дзяржаве праваслаўныя і каталікі святкавалі адначасна. У святочны дзень друкарні не працавалі. Таму жыхары Менска і ўсёй Беларусі пра абвяшчэнне незалежнасці Беларусі ў выглядзе народнай рэспублікі даведаліся толькі назаўтра, у панядзелак. Тэкст Трэцяй Устаўной граматы надрукавалі ў выглядзе “афішкі” на беларускай і польскай мовах і расклеілі на тумбах з рэкламай. У гэтай грамаце адзначу 4 цікавыя моманты: 

1. “Ад гэтаго часу Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаецца Нізалежнай і Вольнай Дзяржавай”.

2. “Самі народы Беларусі, у асобі свайго Устаноучаго Сойму, пастановяць аб будучых дзяржауных зьвязях Беларусі”. 

3. “Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеушчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігоушчыны і сумежныя часьці суседніх губерняу, заселеныя беларусамі". 

4. "Абвешчаючы аб нізалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што усе любячые волю народы дапамогуць беларускаму народу у поунай меры здейсьніць яго палітычна-дзяржауные ідэалы”.

Як бачым, абвяшчэнне незалежнасці на тэрыторыі, акупаванай войскамі іншай дзяржавы, ва ўмовах вайны было фактычна пратаколам аб намерах. Кіраўнікі ўсіх суседніх краін менавіта гэтак да гэтага і паставіліся. Расія, Польшча, Украіна, Летува, Латвія афіцыйна БНР не прызналі, дыпламатычных адносін з ёй не ўсталявалі.

Дый з кім? Народны сакратарыят не меў ні адміністрацыйнага апарату, ні фінансаў, ні ўзброеных сіл, ні органаў аховы парадку. Нават карту з межамі БНР Доўнар-Запольскі склаў толькі ў 1919 годзе.

Затое было моцнае жаданне тутэйшых палітыкаў кіраваць асобнай дзяржавай. Усе яны, як адзін, былі летуценнікі, мала што разумелі ў пытаннях палітыкі, эканомікі, будаўніцтва дзяржавы. Таму нічога ў іх атрымацца не магло.

Аднак яны ўвайшлі ў гісторыю. Па-першае, іншых не было. Па-другое, Сталін і яго памагатыя амаль усіх тых “бацькаў-заснавальнікаў” пазней забілі. Таму іх залічылі ў пантэон сучасных пакутнікаў, няхай сабе не царкоўных. Па-трэцяе, ідэя незалежнай Беларусі не загінула. Пасля 70 гадоў існавання марыянетачнай псеўдадзяржавы БССР яна знайшла рэалізацыю ў выглядзе незалежнай і суверэннай Рэспублікі Беларусь.

 

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі