Паліна Шарэнда-Панасюк
Да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк у калоніі не пусцілі адваката. Пра гэта паведаміў у сацсетках яе муж Андрэй Шарэнда.
Паліну перавялі ў жаночую калонію для рэцыдывістак №24 "Зарэчча". Там яна перабывае з 22 снежня 2023 года.
"Сёння ў Зарэчча даехаў адвакат, каб сустрэцца з Палінай. Але адміністрацыя калоніі не прапусціла яго. Нібыта няма заявы ад Паліны", — піша Андрэй.
Па яго словах, за месяц ад Паліны прыйшоў толькі адзін кароткі ліст. Палітзняволеная прасіла даслаць ёй цёплыя рэчы — шалік, шапку і тэрмабялізну. Таксама яна паведаміла, што 8 студзеня напісала заяву на сустрэчу з адвакатам і вельмі чакае яго.
"Бандэроль мы выслалі, яна дайшла да калоніі, але ці аддалі яе Паліне — невядома", — адзначае Андрэй Шарэнда.
Нядопуск адваката, на яго думку, з'яўляецца "першым званочкам, што з Палінай нешта нядобрае".
Паліну Шарэнда-Панасюк затрымалі ў студзені 2021 і асудзілі на два гады пазбаўлення волі. Пазней яе яшчэ двойчы судзілі, вінавацячы ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Кожны раз жанчыне дадавалі год калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут