Пётра Садоўскі / Радыё Свабода
Памёр беларускі мовазнаўца, палітык і дыпламат Пётра Садоўскі. Пра гэта ў сацсетках паведаміла яго дачка Аліна.
"Сябры, позна ўвечары ў хоспісе памёр мой бацька, аўтар кнігі "Мой Шыбалет" Пётра Садоўскі. Развітанне заўтра, паведамлю дадаткова", — напісала яна.
Садоўскі нарадзіўся на Полаччыне ў 1939-м (Вікіпедыя піша, што ў 1941-м), стаўся дзіцем вайны. Навучаўся ў Сувораўскай вучэльні, але абраў шлях мовазнаўцы, пагатоў у вучэльні яго выкладчыкам быў вядомы перакладчык Язэп Семяжон.
Пётра Садоўскі працаваў у Інстытуце замежных моў, Акадэміі навук, а таксама перакладчыкам на розных прадпрыемствах Мінска. Яшчэ ў савецкі час ён быў адным з падпісантаў першых лістоў у абарону беларускай мовы і культуры, якія тады дасылаліся ў Маскву. Ён стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, а на выбарах 1990-га атрымаў мандат дэпутата Вярхоўнага Савета. Там ён узначаліў камісію па замежных справах. У 1992-м быў прызначаны першым амбасадарам незалежнай Беларусі ў Германію, дзе ствараў амбасаду з нуля.
У 2019 годзе Садоўскі ўдзельнічаў у акцыі на Кастрычніцкай плошчы Мінска супраць інтэграцыі з Расіяй, за што яго судзілі і аштрафавалі.
Успаміны Пётры Садоўскага "Мой шыбалет" выйшлі ў 2008 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут