Да арыштаванага Пятра Маркелава на Акрэсціна трэці дзень не пускаюць адвакатку

17/12/2019 - 08:32

Адвакатка Альвіна Мінгазава трэці дзень не можа трапіць да Пятра Маркелава, які адбывае адміністрацыйны арышт ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Пра гэта ў Фэйсбуку паведамляе "Прававая ініцятыва".

Адміністрацыя ЦІП кожны раз заяўляе адвакатцы, што няма вольных пакояў для яе сустрэчы з кліентам. Гэтыя адгаворкі Мінгазава чула 13 і 16 снежня.  

Тым часам маці Маркелава напісала, што на Акрэсціна адмовіліся прымаць перадачу, якую прынесла ягоная цётка: "Толькі што тэлефанавала цётка Пятра, сказала, што ад яе не прынялі перадачу. Спачатку пачалі прымаць, праверылі дакументы, расклалі прадукты, узялі бланк. Але потым прымаючы вырашыў затэлефанаваць, удакладніць, ці можна ў цёткі прымаць. І адмовіў. Зараз збіраецца ехаць бабуля".

Пятра Маркелава асудзілі на 14 сутак. Падчас выбараў 17 лістапада ён як назіральнік патрабаваў правесці перападлік галасоў. З участка яго выцягнулі міліцыянты, заламаўшы рукі. У судзе Маркелава прызналі вінаватым у хуліганстве.

З турмы ён перадаў маці, што яго трымаюць у антысанітарных умовах і папрасіў сустрэчы з адвакатам, каб напісаць скаргу. Аднак адвакатка дагэтуль не можа сустрэцца з ім. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі