ЦВК прапануе змяніць заканадаўства з улікам рэкамендацый АБСЕ і апазіцыі

02/02/2017 - 15:31

Па выніках назірання за нашымі парламенцкімі выбарамі БДІПЧ АБСЕ перадала афіцыйнаму Мінску свае рэкамендацыі, як зрабіць выбары больш адпаведнымі дэмакратычным стандартам. Экспертная група пры Цэнтрвыбаркаме некалькі месяцаў вывучала тыя рэкамендацыі і 31 студзеня вызначылася. Што атрымалася, разбіраемся разам са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай.

 

У выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ 32 рэкамендацыі ― колькі былі ўхваленыя экспертнай групай пры ЦВК?

 

― Можна смела казаць, што 50% рэкамендацый намі ўлічана. Калі не лічыць тых рэкамендацый, якія ўвогуле не тычацца выбараў: рэгістрацыі партый і акрэдытацыі так званых фрылансераў, што працуюць на замежныя СМІ. Мы гэтыя рэкамендацыі нават не разглядалі. Але ўсё тое, што тычыцца вядзення перадвыбарчай агітацыі, рэгістрацыі кандыдатаў, спрашчэння парадку вылучэння ― гэта ўлічылі. БДІПЧ АБСЕ рэкамендуе дапусціць да праверкі подпісаў (сабраных за вылучэнне кандыдатам – Еўрарадыё) кандыдатаў ці іх прадстаўнікоў. А мы прапануем увогуле сысці ад “чалавечага фактару”: каб праверку ўсіх подпісаў праводзіла міліцыя і каб правяралі толькі пашпартныя звесткі і грамадзянства. Таксама згодныя з прапановай выключыць са спісу падстаў для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам недакладнасць звестак аб прыбытку і маёмасці. Проста браць і недакладныя звесткі выпраўляць і рэгістраваць.

Рэкамендацыі па фарміраванні выбарчых камісій. Тут мы прапануем узаконіць тое, што было напісана ў нашых метадычных рэкамендацыях: рэйтынгавае галасаванне, абмеркаванне кандыдатур, прысутнасць назіральнікаў на пасяджэннях выканкамаў. Пераносяцца з метадычак у закон і нашы нормы ўзаемаадносінаў з назіральнікамі: каб яны маглі знаходзіцца ў 3 метрах ад месца падліку галасоў і маглі бачыць працэс падліку. Больш падрабязна пералічваць не хачу, бо пакуль нашы прапановы ― службовы дакумент. Шэраг пытанняў пакінулі на разгляд высокай нарады ў кіраўніка дзяржавы. Таму цалкам не хачу раскрываць гэтую інтрыгу.

 

Якія рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ дакладна не будуць ўлічаныя?

 

― Што значыць патрабаванне “ўключыць у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў апазіцыі”? Гэта ў закон не напішаш. Хаця б таму, што сёння ты апазіцыя, а заўтра ты ― улада. Не выносім наверх рэкамендацыю і па зменах у фарміраванні ЦВК (“Механізм фарміравання ЦВК варта пераглядзець, каб забяспечыць гарантыі незалежнасці і неперадузятасці” ― такая рэкамендацыя БДІПЧ АБСЕ). Проста яе адхіляем з тае прычыны, што дзеючы парадак прадугледжаны Канстытуцыяй Беларусі.

 

Прапановы па зменах выбарчага заканадаўства прадставілі сустаршыня кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч і дэпутат парламенту Ганна Канапацкая ― ці былі яны ўлічаныя?

 

― Адна з прапаноў Караткевіч цалкам супадае з меркаваннем ЦВК. А менавіта: спрошчаны парадак мітынгаў і сустрэч не толькі для кандыдатаў і давераных асоб, але і для ўсіх грамадзян у перыяд перадвыбарчай агітацыі. Падтрымліваем прапанову пра магчымасць кандыдата прадстаўляць выбарчую праграму падчас збору подпісаў за вылучэнне. Як і прапанову аб стварэнні выбарчых фондаў з моманту вылучэння кандыдатам у дэпутаты, а не з моманту рэгістрацыі, як гэта ёсць зараз.

 

Які далейшы лёс чакае распрацаваныя экспертнай групай прапановы?

 

― Прымаць рашэнне пра змены ў заканадаўства ў дадзеным выпадку можа толькі кіраўнік дзяржавы. Мы ўжо даслалі яму ліст з просьбай, каб ён прызначыў працоўную нараду з прыцягненнем іншых прадстаўнікоў палітычнага кіраўніцтва краіны. На той нарадзе, спадзяюся, будзе выпрацаваная нейкая агульная пазіцыя, якую ў выглядзе праекта закона распрацуе Цэнтральная камісія. Але нейкія канкрэтныя тэрміны я вам называць не магу.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі