ЦВК пачаў мяняць лічбы ў выніках галасавання

13/10/2015 - 14:33

Пасля публікацый блогераў і званкоў са СМІ ў Савецкім раёне Мінска з’явіліся сапсаваныя бюлетэні, а колькасць прагаласаваўшых у Шклоўскім раёне са 104% апусцілася да 100%.

 

Падрабязную статыстыку з папярэднімі вынікамі галасавання ў Беларусі на сайце ЦВК вывешваюць менш чым праз суткі пасля закрыцця участкаў. Там агульная колькасць выбаршчыкаў па ўсіх раёнах краіны, колькасць прагаласаваўшых, працэнты яўкі, галасы па кожным з кандыдатаў (у лічбах і працэнтах), а таксама колькасць тых, хто прагаласаваў супраць усіх. Калі падлічыць па працэнтах, атрымліваецца крыху менш за 100 — 99,6, 99,3, 98,7. Розніца — гэта сапсаваныя бюлетэні. Такім лічыцца кожны, запоўнены не па правілах. Слова, там, напрыклад, нецэнзурнае нехта напісаў. Альбо яшчэ нешта такое зрабіў. Бывае.

Але сапсаваныя бюлетэні ёсць не паўсюль. Напрыклад, з 83 тысяч 236 чалавек, якія прагаласавалі на выбарах у Савецкім раёне Мінска, ніводзін не змог сапсаваць свой бюлетэнь. Як такое магло адбыцца — абсалютная загадка. Асабліва калі ўлічыць, што на мінулых выбарах тут быў ажно 1001 бюлетэнь, які прызналі несапраўдным. А калі параўнаць лічбы з іншымі раёнамі сталіцы, то можна лёгка паверыць у цуды: Завадскі — 679 сапсаваных бюлетэняў, Ленінскі — 304, Маскоўскі — 848, Фрунзенскі — 2466 (самы вялікі па колькасці выбаршчыкаў раён, тут галасавала амаль 180 тысяч чалавек). Нават у Партызанскім, які па колькасці выбаршчыкаў амаль удвая саступае Савецкаму, свае бюлетэні папсавалі 570 чалавек.

У выбарчай камісіі Савецкага раёна, куды Еўрарадыё звярнулася па рэцэпт гэтага цуду, пракаментаваць поўную адсутнасць папсаваных бюлетэняў не змаглі. Маўляў, цяпер няма патрэбных дадзеных пад рукой. І больш трубкі не здымалі. Але ўжо ў другой палове дня 13 кастрычніка “няправільныя” бюлетэні ў Савецкім раёне з’яўляюцца — ажно 751. Адкуль? З ранейшай графы — “супраць усіх”. Калі яшчэ раніцай 13 кастрычніка там было 18364 галасы, то цяпер стала 17608. На 756 штук меней. Яшчэ 3 галасы “адабралі” у Гайдукевіча, Караткевіч “накінулі” 5 штук, Лукашэнку дадалі 7 галасоў, а ва Улаховіча іх стала больш на 3. Колькасць асобаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, змянілася з 83236 чалавек да 83243. То бок вырасла на 7 чалавек. Усё сышлося.

Яшчэ большы цуд адбыўся з вынікамі галасавання ў Шклоўскім раёне. Калі раніцай 13 кастрычніка агульная колькасць прагаласаваўшых там даходзіла да 104,18% ад колькасці тых, хто атрымаў бюлетэні, то пасля абеду такіх стала роўна 100%. Пры гэтым колькасць галасоў, аддадзеных за кандыдатаў, засталася ранейшай — скарацілася толькі колькасць тых, хто прагаласаваў супраць усіх. Калі раніцай такіх было яшчэ 1121 чалавек, то пасля абеду 13 чысла — усяго 173 (яшчэ 69 бюлетэнь) прызнаныя несапраўдным.

Перамены таксама адбыліся ў дадзеных з Маскоўскага раёна Брэста, Маладзечанскім раёне, Барысаўскім і іншых.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі