Ці сапраўды мінская “хуткая” ехала 40 хвілін да дзяўчыны са зламаным чэрапам?

30/06/2016 - 16:48

19-гадовая дзяўчына правалілася ў падвал ля караоке-клуба на праспекце Пераможцаў. Відавочцы выклікалі хуткую і выратавальнікаў. Хоць здарэнне адбылося блізу 12 ночы, сітуацыя ўскладнялася тым, што непадалёк ад клуба праводзілася рэпетыцыя параду.

Тым не менш, супрацоўнікі МНС прыехалі даволі хутка. Ад моманту выкліку да поўнага вызвалення дзяўчыны з сутарэнняў прайшло 15 хвілін.

“А “хуткая” рэальна ехала вельмі доўга, каля 40 хвілін”, — падлічваюць для Еўрарадыё супрацоўнікі караоке-клуба.

Паводле звестак Еўрарадыё, у чацвер 30 чэрвеня пацярпелай зрабілі аперацыю па ўзнаўленні сківіцы. Нягледзячы на пералом аснавання чэрапу, яна не атрымала фатальных траўмаў і будзе жыць. Аднак няўжо з-за рэпетыцыі параду медыкі дабіраліся да месца здарэння так доўга?

На гэта ў Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Еўрарадыё запэўніваюць, што рэпетыцыі ніколькі ім не замінаюць і не ставяць пад рызыку жыцці людзей.

“Мы плануем даезды з улікам пробак і так далей.  Таму што мы загадзя ведаем, якія шляхі перакрываюцца. Плюс да гэтага ў нас машыны са спецсігналамі, нам заўжды даюць магчымасць праехаць”, — запэўнівае намеснік галоўнага ўрача Алег Варабей.

Пры гэтым медык не называе канкрэтных пахвілінных дадзеных даезду “хуткай” у гэтым канкрэтным выпадку.  Хоць такія звесткі расставілі б усе кропкі над “і”. 

Вельмі шмат бессэнсоўных выклікаў. Напрыклад, калі чалавек стукнуўся пальчыкам аб канапу. І з-за гэтага брыгад папросту не хапае

Фельчар з мінскай "хуткай"

Такую ж тактыку бярэ на ўзбраенне яшчэ адзін намеснік галоўнага ўрача Аляксандр Дубаневіч. Замоўчванне інфармацыі пра даезд “хуткай” ён абгрунтоўвае службовымі інструкцыямі. 

“Факт звароту па медыцынскую дапамогу — не заўсёды даступны абывацелю. Такія звесткі абараняюцца законам аб ахове здароўя, — кажа Дубаневіч. — Аб парадзе ў СМІ папярэджвалі загадзя. Мы валодаем усёй інфармацыяй, каб накіраваць найбліжэйшую брыгаду па маршруце, дзе мінімальна ўскладнены рух”.

Зноў жа ніякіх канкрэтных лічбаў!

У той жа час медыкі з “хуткай”, з якімі звязваецца Еўрарадыё, кажуць, што з-за разнастайных картэжаў, коркаў і рэпетыцый пацыентам часам даводзіцца  доўга чакаць дапамогі.

“Але нават не гэта асноўная праблема. Вельмі шмат бессэнсоўных ці нават непраўдзівых выклікаў. Напрыклад, калі чалавек стукнуўся пальчыкам аб канапу. Мы абавязаны ехаць на такія выклікі, а гэта гадзіна майго часу. І з-за гэтага брыгад папросту не хапае”, — аналізуе Н., фельчар з мінскай “хуткай”.

Аднак замест таго, каб падымаць праблему, мэнэджары ад беларускай медыцыны рапартуюць у СМІ, што ў нас усё добра.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі