Ці будуць "Онлайнер" і "Тут.бай" рэгістравацца як сеткавыя выданні?

03/04/2018 - 13:39

У новую рэдакцыю закона аб СМІ ўводзіцца тэрмін "сеткавае выданне". Што менавіта гэта такое — з паправак няясна, але падаецца, што гэта аналаг азначэння "сродкі масавай інфармацыі", толькі для інтэрнэта. 

Сёння інтэрнэт-выданні афіцыйна не з'яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі. Большасць з іх — юрыдычныя асобы, але не СМІ. У абноўленым законе напісана, што рэгістрацыя інтэрнет-рэсурсаў у якасці сеткавых выданняў — добраахвотная.  Але ў выпадку непрахаджэння рэгістрацыі ў якасці СМІ інтэрнэт-рэсурсы не змогуць звяртацца ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі па акрэдытацыю сваіх карэспандэнтаў.

Гэта паставіць пад пытанне працу такіх гігантаў байнэта, як "Онлайнер" і "Тут.бай". Ці адчуваюць яны небяспеку і ці будуць рэгістравацца як "сеткавыя выданні"? Еўрарадыё вырашыла пра гэта даведацца. 

Гендырэктарка ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" Людміла Чэкіна распавяла, што, калі будуць прынятыя новыя папраўкі, то, хутчэй за ўсё, яны будуць падавацца на рэгістрацыю як сеткавае выданне:

"Цяпер мы не СМІ. Мы звычайная юрыдычная асоба. Але мы і нясём абавязкі СМІ, паколькі сённяшняя рэдакцыя закона прадугледжвае гэта. Таму што пакуль рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ не існуе. Мы пакуль цалкам не вырашылі для сябе пытанне аб тым, ці будзем рэгістравацца як сеткавае выданне. Але, хутчэй за ўсё, будзем, але дакладна сказаць не магу. Пакуль мы абмяркоўваем розныя варыянты".

Галоўны рэдактар Onliner.by Мікалай Казловіч распавёў Еўрарадыё, што яны пакуль яшчэ не вызначыліся, ці будуць афіцыйна рэгістравацца, але, на яго думку, выбару ў медыя па сутнасці не застаецца: 

"Мы будзем аналізаваць выніковы дакумент, раіцца з юрыстамі. І далей прымаць рашэнне, зыходзячы з таго, што медыя працуе не для чыноўнікаў з калідораў з чырвонымі дыванамі, якія расстаўляюць у інтэрнэце чырвоныя сцяжкі, а для сваіх чытачоў. Чытачам трэба прадастаўляць поўную і хуткую інфармацыю, у тым ліку афіцыйную. На ўзроўні ДАІ, мытні, падатковай. Калі атрымліваць такую інфармацыю будзе магчыма толькі ў статусе зарэгістраванага СМІ, калі па “вертыкалі” паляціць каманда не супрацоўнічаць з астатнімі, значыць, выбару ў медыя па сутнасці і не застанецца".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі