Ці дапамагае Мінская епархія ўкраінскім бежанцам? Вы здзівіцеся адказу

21/03/2025 - 18:27

Прадуктовая дапамога ў праваслаўнай царкве ў Расіі / diaconia.ru

Днямі Мінская епархія Беларускай праваслаўнай царквы распачала дабрачынны збор  рэчаў жыхарам Курскай вобласці Расіі, з якой нядаўна выйшлі ўкраінскія войскі. 

Але ці дапамагае Мінская епархія пацярпелым ад абстрэлаў з боку Расіі жыхарам украінскіх абласцей, сярод якіх таксама хапае праваслаўных вернікаў? Еўрарадыё разбіралася ў сітуацыі. 

 

Дабрачыннасць з нюансамі

На Вайсковых могілках Мінску з’явілася аб’ява-зварот да праваслаўных вернікаў, на гэта звярнуў увагу “Белсат”. У ім Мінская епархія заклікае здаваць на дабрачыннасць цёплую вопратку і пасцельную бялізну жыхарам Курскай вобласці. Працэсам кіруе Сінадальны аддзел па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні.

Журналіст Еўрарадыё пад выглядам верніка патэлефанаваў туды, каб зразумець якія рэчы збіраюць царкоўнікі і хто іх можа атрымаць.

Выявілася, што складам для дабрачыннасці служыць храм іконы Божай Маці “Усецарыца” па адрасе вуліца Чыгуначная 23Г.

Гуманітарная дапамога украінскім дзецям з Данбаса ад прарасійскага фонда "Час выбраў нас" / obitel-minsk.ru

Там пацвердзілі, што прымаюцца розныя рэчы, частка якіх перасылаецца ў Расію, а частка раздаецца на месцы ўсім, хто чакае дапамогі. Прыносіць рэчы можна ў любы працоўны дзень, але варта загадзя патэлефанаваць у храм і дамовіцца:

“Так-так, усё можна [прывозіць]. Пачынаючы ад майткоў і заканчваючы вопраткай: шапкі, шалікі, курткі, пасцельная бялізна, коўдры, падушкі, посуд, ежа, бытавая хімія, лялькі для дзяцей, невялікая бытавая тэхніка кшталту электрычных чайнікаў”, — адказала супрацоўніца праваслаўнага “склада”, удакладніўшы, што дапамога распаўсюджваецца на ўсіх: як на расіян, так і на ўкраінцаў. 

Вось толькі як украінцы змогуць гэтую дапамогу атрымаць, калі рэчы будуць адпраўляць у Расію, у храме не ўдакладнілі.

Але ці можна перадаць рэчы і грошы ўкраінцам з не акупаваных Расіяй тэрыторый? У храме іконы Божай Маці “Усецарыца” параілі звярнуцца ў Свята-Елісавецінскі манастыр.

Там нам расказалі, што дапамогу ўкраінцам сапраўды аказваюць, але толькі жыхарам Данбаса. І толькі ў грашовым выглядзе.

“У нас ездзіць група [ад манастыра]. Яны не возяць рэчы, а збіраюць грошы ў Беларусі і на месцы ўжо закупляюцца ўсім неабходным”, — адказала наша суразмоўніца.

Але перадаць рэчы ці грошы жыхарам неакупаваных тэрыторый, напрыклад Харкаўскай вобласці, не атрымаецца: прадстаўніца манастыра расказала, што гэта немагчыма.

Свята-Елісавецінскі манастыр пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання вылучаецца актыўнай падтрымкай расійскага войска і дапамогай жыхарам акупаваных тэрыторый Украіны. Праз гэта манастыр апошнія тры гады сутыкаецца з забаронай на ўдзел у калядных кірмашах у Заходняй Еўропе. 

У красавіку 2024 года манастыр атрымаў падзяку за дапамогу расійскім вайскоўцам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі