Ці чакаць ад Зянона Пазняка змены радыкальнай рыторыкі?

15/02/2023 - 15:15
Зянон Пазняк / Еўрарадыё 

Называнне іншых прадстаўнікоў дэмакратычнага руху “маргінэзам” і “агентурай” стала фірмовай фішкай Зянона Пазняка. Ці не варта палітыку змяніць радыкальную рыторыку і ці магчыма такое ўвогуле? На гэтыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказаў яго паплечнік Павел Усаў.

“Я вельмі добра разумею пазіцыю Зянона Станіслававіча, бо чалавек мае досвед працы ў канфліктах, разумее, як могуць працаваць механізмы супрацьдзеяння, дыскрэдытацыі і гэтак далей. Думаю, гэта досвед і жыццёвы шлях, які ён прайшоў, калі нават блізкія паплечнікі ў пэўны час ішлі іншым шляхам, варта прыгадаць раскол БНФ. Гэта зрабілі людзі, з якімі ён доўгі час працаваў, гэта быў моцны ўдар”.

Паводле Паўла Усава, рэжым Лукашэнкі не сядзіць убаку і не назірае моўчкі, як нейкія апазіцыйныя кааліцыі фармуюцца ці распадаюцца:

“Заўсёды ёсць контрдзеянні і выкарыстанне людзей. І з гэтым досведам ён расказваў даволі шмат сітуацый, якія падаюцца вонкаваму гледачу абсалютна трывіяльнымі, а насамрэч за гэтай сітуацыяй можа хавацца даволі тонкая гульня. І вось гэты досвед ён не можа адразу адной фразай выкласці для беларусаў, якія многага не ведаюць з часоў 80-х, калі яшчэ існаваў СССР, пачатку 90-х — дзеянні Лукашэнкі.

Калі б гэтыя веды змясцілі адным шчаўчком у галовы ўсіх, хто цікавіцца Беларуссю, то шмат якія сітуацыі сталі б зразумелымі. І стала б зразумела, чаму Зянон Пазняк можа так радыкальна акрэсліваць пэўныя сітуацыі.

Такі радыкалізм часам, вядома, можа і адштурхоўваць людзей, але шмат у чым, на жаль, Зянон Станіслававіч мае рацыю. Але каб зразумець, трэба цікавіцца гісторыяй СССР, гісторыяй адраджэння беларускага — не толькі ў 2020-я гады, але і ў пачатку 1990-х”.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі