Чыноўнікі абвяргаюць, што звольнілі настаўніцу за аповед пра заняткі без святла

15/11/2018 - 18:52

Чыноўнікі аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама абвяргаюць звесткі пра звальненне настаўніцы музычнай школы, якая распавяла, што заняткі некалькі месяцаў адбываюцца без святла. Па іх словах, якія перадае tut.by, цяпер дзеці займаюцца ў памяшканні мясцовай бібліятэкі, а педагог працягвае працаваць.

Як распавядала Еўрарадыё, гаворка ідзе пра музычную школу ў аграгарадку Падлабенне Гродзенскага раёна. Там ужо некалькі месяцаў вучні займаюцца з ліхтарыкамі, бо няма святла. Па словах выкладчыкаў, улады паабяцалі вырашыць гэтую праблему літаральна на днях. Настаўніца сальфеджыа Алена перадала здымкі з заняткаў сваім знаёмым, а тыя — у СМІ. У выніку жанчыне прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні пасярод навучальнага года. 

Як піша tut.by, сёння ж заняткі сталі праходзіць у бібліятэцы і пры электрычнасці.

У аддзеле культуры Гродзенскага райвыканкама журналістам заявілі: "15 лістапада гэты педагог была запрошаная на Савет аддзела культуры, дзе патлумачыла ў пісьмовым выглядзе свае паводзіны з нагоды фотаздымка, зробленага ёю ў вечаровы час сутак. У цяперашні час вырашаецца пытанне аб прыцягненні да адказнасці вінаватых асоб. На дадзены момант настаўнік працягвае працаваць і весці заняткі ў памяшканні сельскай бібліятэкі". Чыноўнікі заяўляюць, што выкладчыцу сальфеджыа ніхто не звальняў, а з ёй была "толькі праведзеная гутарка".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі