Чыгуначнік затрымаў двух трансфарматарных злодзеяў

03/08/2018 - 09:10

Віцебскі чыгуначнік затрымаў двух мужчын, якія кралі трансфарматары, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на УУС Віцебскага аблвыканкама.

На перагоне Віцебск-Мядзведка (каля пасёлка Тарны) невядомыя зламыснікі скралі чатыры трансфарматары. Следча-аператыўная група аддзела ўнутраных спраў на транспарце высветліла, што трансфарматары былі скрадзеныя з рэлейнай шафы. У самой шафе стаяла абсталяванне, якое адказвае за працу чыгуначных святлафораў. Парушэнне працы абсталявання магло выклікаць цяжкія наступствы. 

Злачынцаў не спыніла нават тое, што трансфарматары былі пад напругай у 220 В.

Міліцыя не змагла знайсці зламыснікаў па гарачых слядах. 

Уначы 29 ліпеня ў раёне станцыі Мядзведка невядомыя ўзламалі яшчэ адну рэлейную шафу. Міліцыянты выехалі на месца здарэння. Але яшчэ да іх прыбыцця электраманцёр Міхаіл Міхайлаў каля чыгуначнага пераезду сам затрымаў двух 18-гадовых хлопцаў, адзін з якіх нёс важкі заплечнік.

Высветлілася, што ўначы хлопцы скралі 10 трансфарматараў з дзвюх рэлейных шафаў. Яны ж мелі дачыненне да крадзяжу чатырох трансфарматараў раней. 

Аднак кошту скрадзенай маёмасці было недастаткова для крымінальнай справы. Таму на маладых людзей склалі адміністрацыйны пратакол за дробны крадзеж.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі